Мерапрыемства прайшло сёння, 24 кастрычніка, і было прысвечана тэме сямейных каштоўнасцей. Студэнты і супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта мелі магчымасць паразмаўляць з кіраўніком інфармацыйнага ведамства краіны ў фармаце адкрытага дыялогу.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўжо стала добрай традыцыяй праводзіць дыялогавыя пляцоўкі і круглыя сталы, у рамках якіх у студэнтаў і супрацоўнікаў ёсць магчымасць паразмаўляць з прадстаўнікамі ўлады, вучонымі, вядомымі грамадскімі дзеячамі і даведацца кампетэнтную думку па розных напрамках. Не стаў выключэннем і сённяшні дыялог з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Маратам Маркавым, у час якога быў закрануты шэраг важнейшых пытанняў для сучаснага грамадства, у тым ліку тэма сямейных каштоўнасцей.
Адкрыла імпрэзу рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. У сваёй прывітальнай прамове яна адзначыла, што гэта другая сустрэча госця з купалаўцамі.
- Першая сустрэча з Маратам Сяргеевічам, у той час кіраўніком тэлеканала АНТ, адбылася пяць гадоў таму. Сёння ён прыехаў да нас у якасці Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Не схаваю, мы вельмі любімм гэтага чалавека за шматлікія якасці, у першую чаргу, за яго прафесіяналізм. Нельга ахарактарызаваць Марата Сяргеевіча лепш, чым ён зрабіў гэта сам у адным з інтэрв'ю: «я кансерватыўны і надзейны як аўтамат Калашнікава», - адзначыла Ірына Фёдараўна і пажадала прадуктыўнага дыялогу.
Марат Маркаў пачаў свой выступ з веданнем справы, у той жа час проста і шчыра, устанавіўшы цесны кантакт з аўдыторыяй.
- Сапраўды, 17 верасня пяць гадоў таму я быў тут. У вас выдатны універсітэт, цудоўны горад, на самай справе горад для жыцця. Нягледзячы на тое, што я займаю пасаду Міністра інфармацыі, у душы па-ранейшаму застаюся тэлевізіёншчыкам. Вельмі хочацца, каб сёння было як мага больш пытанняў, шчырых і нават правакацыйных, - сказаў Міністр інфармацыі.
Размова пачалася з абмеркавання традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа - сям'і, якая выступае асновай моцнай дзяржавы.
- У шматлікіх развітых заходніх краінах насельніцтва старэе, а гэта нясе з сабой шэраг цяжкасцяў, бо колькасць працаздольнага насельніцтва памяншаецца. Гэта ўплывае на эканоміку і фінансавую стабільнасць як асобнага чалавека, так і дзяржавы ў цэлым. Таму інстытуту сям'і ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага, - адзначыў Марат Маркаў.
У ходзе размовы ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі адну з найважнейшых будучых падзей краіны - выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
На прыкладзе працы з нейрасецямі супрацоўнікаў АНТ спікер прадэманстраваў, як лёгка ствараюцца фэйкі, як вядомыя ва ўсім свеце палітычныя дзеячы прайграваюць неўласцівыя ім формы паводзін, выказванні. Таксама гаворка ішла аб тэхніках маніпулявання свядомасцю, каляровых рэвалюцыях і розных хітрасцях.
- Сучасныя тэхналогіі і штучны інтэлект дазваляюць ствараць фэйк любой складанасці літаральна за пару гадзін. Не трэба нічога рабіць, наймаць людзей, шукаць лакацыю, дэкарацыі і іншае. Дастаткова аднаго прыкладання, якое дазволіць стварыць любое відэа з любым чалавекам. Таму неабходна разумна ацэньваць інфармацыю, верыфікаваць дадзеныя і нічога не ўспрымаць на веру, - падкрэсліў Марат Маркаў.
Уся інфармацыя падавалася даступна і займальна. Сустрэча працягнулася пытаннямі, якія былі вельмі рознымі. Яны датычыліся кар'ернага шляху Марата Маркава, атэстацыі журналістаў СМІ, прадухілення распаўсюджвання фэйкавых навін. Студэнт юрыдычнага факультэта пацікавіўся ў Міністра інфармацыі, ці гатова краіна да будучых выбараў з пункту гледжання інфармацыйнай прапаганды.
На ўсе пытанні аўдыторыі спікер даў кампетэнтныя і разгорнутыя адказы.
Напрыканцы сустрэчы рэктар падзякавала ўдзельнікам гутаркі за цікавы і плённы дыялог і паднесла госцю памятны падарунак – кнігу для штодзённых запісаў. На яе вокладцы намаляваны восеньскі выгляд старога корпуса Купалаўскага ўніверсітэта, упрыгожанага чырвоным футрам вінаграднай лазы, - самая папулярная фотазона Гродна і Гродзенскай вобласці, каб госць сумаваў па гэтых месцах і абавязкова вяртаўся сюды зноў.