Сёння, 31 кастрычніка 2024 года, упершыню ў Беларусі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы арганізаваў работу выязной шматпрофільнай школы "Купалаўскі старт" для вучняў класаў інжынернай і педагагічнай накіраванасці школ і гімназій Ваўкавыскага раёна.
Рабятам дадзена ўнікальная магчымасць наведаць лекцыі, прайсці трэнінгі і навучанне ў высокакваліфікаваных выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Навучэнцаў на працягу дня чакаюць трэнінг "Самапазнанне асобы", лекцыя "Што елі і пілі нашы продкі", майстар-класы "Практычная электроніка" і "3D-мадэляванне ў машынабудаванні". Таксама ў рамках работы шматпрофільнай школы будзе праведзены семінар для педагогаў "Аб развіцці інжынернай адукацыі".
Пасля завяршэння навучання ўсе навучэнцы атрымаюць сертыфікат удзельніка шматпрофільнай школы "Купалаўскі старт". Плануецца наведванне і іншых школаў. Для дадатковай інфармацыі і арганізацыі аналагічных мерапрыемстваў можна звязацца на нумар 39 58 76.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы актыўна праводзіць прафарыентацыйную работу, дапамагаючы абітурыентам вызначыцца з будучай прафесіяй. Універсітэт таксама арганізуе профільныя лагеры, Дні адчыненых дзвярэй афлайн і анлайн, а нядаўна адбыўся першы ў краіне адкрыты бацькоўскі сход.