Мерапрыемства, прымеркаванае да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага археолага Леаніда Побаля, прайшло 1 лістапада на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму.
Удзельнікамі пасяджэння сталі студэнты 1 – 4 курсаў і магістранты спецыяльнасці «Гісторыя».
Нагадаем, Леанід Давыдавіч Побаль – выбітны беларускі археолаг, доктар гістарычных навук, які зрабіў вялікі ўнёсак у даследаванні перыяду ранняга жалезнага веку, эпохі рымскіх уплываў і Вялікага перасялення народаў.
Навуковае мерапрыемства пачалося з адкрыцця фотапраекта і часовай экспазіцыі, арганізаваных кафедрай гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін і студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыяй «Захаваная спадчына». Экспазіцыя дэманструе археалагічныя артэфакты, атрыманыя падчас палявых даследаванняў навукоўцамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Размешчаныя на фотаздымках і ў вітрынах прадметы адлюстроўваюць усю гісторыю Беларускага Панямоння ад першабытнасці да Вялікай Айчыннай вайны.
Работа круглага стала пачалася з прывітальнага слова доктара гістарычных навук, дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктара Белазаровіча. Мадэратарам мерапрыемства выступіў доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Піваварчык, які да таго ж падзяліўся асабістымі ўспамінамі пра Леаніда Побаля.
Падчас пасяджэння прагучалі даклады, прысвечаныя рэцэнзіі польскага даследчыка Казіміра Гадлоўскага на працу Леаніда Побаля «Славянские древности», вынікам археалагічных даследаванняў Леаніда Побаля на тэрыторыі Аршанскага раёна, аналізу помнікаў з матэрыяламі рымскага перыяду і эпохі Вялікага перасялення народаў у міжрэччы Лебяды і Тур’і, выкарыстанню ляпной керамікі і крэменю ў жалезным веку.