Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь падвёў вынікі конкурсу "Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці" за 2024 год. Сярод пераможцаў выпускнікі-купалаўцы.
Конкурсная камісія, якая складалася з прадстаўнікоў Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, кіруючых спецыялістаў арганізацый у галіне менеджменту і кантролю якасці, вызначыла пераможцаў конкурсу.
Пераможцамі конкурсу сталі Матвей Бачко, выпускнік фізіка-тэхнічнага факультэта, работа якога была выканана пад навуковым кіраўніцтвам загадчыка кафедры электратэхнікі і электронікі, дацэнта, кандыдата фізіка-матэматычных навук Андрэя Германа, а таксама выпускніцы факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму - Вікторыя Брыль і Анастасія Ляўковіч. Навуковы кіраўнік - старшы выкладчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Ірына Скварнюк.
Гэтыя дасягненні пацвярджаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта і іх імкненне да новых ведаў і практычных навыкаў. Віншуем нашых выпускнікоў і супрацоўнікаў з гэтай значнай перамогай!