Першыя мерапрыемствы праекта прайшлі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 13 верасня 2016 года. Найбольш актыўныя студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі нашай alma mater прынялі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.
Адкрыў марафон прарэктар па выхаваўчай працы. Васілій Васільевіч Сянько адзначыў, што ў купалаўскім універсітэце надаецца пільная ўвага да развіцця спорту і фарміраванні прыярытэтаў здаровага ладу жыцця, і пажадаў удзельнікам марафону здароўя, вытрымкі, азартнай барацьбы, годных вынікаў, яркіх эмоцый і ўражанняў.
Словы пажадання ў адрас купалаўцаў прагучалі і ад старшыні Каардынацыйнага студэнцкага савета, студэнткі 3 курса педагагічнага факультэта Яны Мілюк.
Затым на стадыёне ўніверсітэта пачаліся першыя спаборніцтвы. Удзельнікі спаборнічалі ў чатырох відах спорту: беглі эстафету, уздымалі гіру, паказвалі майстэрства ў фігурным ваджэнні веласіпеда і гулялі ў міні-футбол.
Лепшымі ў змешанай лёгкаатлетычнай эстафеце 4х400 м сталі студэнты 3 курса факультэта фізічнай культуры Аляксандра Хільмановіч, Аляксей Сянько, Андрэй Любовіч і Ян Злома. Другое і трэцяе месца таксама дасталося студэнтам факультэта фізічнай культуры, а чацвертымі сталі прадстаўнікі юрыдычнага факультэта.
Спаборніцтвы па гіравым спорце праводзіліся ў трох вагавых катэгорыях. Пераможцамі былі прызнаныя курсант 1 курса ваеннага факультэта Андрэй Юшчанка (вагавая катэгорыя 75 кг), студэнт 1 курса факультэта фізічнай культуры Захар Дзьмітрэнка (да 90 кг) і студэнт 2 курса факультэта фізічнай культуры Артур Века (звыш 90 кг).
У спаборніцтвах па велаарыентаванні лепшыя былі вызначаныя як сярод юнакоў, так і сярод дзяўчат. Імі сталі выпускнік ваеннага факультэта Дзмітрый Тарасаў і студэнтка 3 курса факультэта фізічнай культуры Віялета Чуйкова.
Гульня па міні-футболе сабрала тры каманды. Лепшай у спаборніцтвах была прызнана каманда студэнтаў нашай ВНУ «Студэнцкі спортклуб». Другое месца заняла каманда «Выкладчыкі ГрДУ», а трэцяе - «Ластаўкі ГрДУ», якая складаецца з студэнтак універсітэта.
Завяршыліся спаборніцтвы ўзнагароджаннем пераможцаў і прызёраў.
Наступнае мерапрыемства марафону здароўя пройдзе ў Дзень горада - 17 верасня. Дзясяткі прадстаўнікоў нашай alma mater прымуць удзел у спартыўным арыентаванні «Першы старт».
Праект «Марафон здароўя» разлічаны на пяць гадоў і завершыцца ў 2020 годзе. На працягу гэтага перыяду ў купалаўскім універсітэце плануецца правядзенне шэрагу мерапрыемстваў. Сярод іх спаборніцтвы і спартландыі, турыстычныя паходы і велапрабегі, трэнінгі і майстар-класы, дабрачынныя акцыі, канцэрты і флэш-мобы.
Праект накіраваны на развіццё ў студэнцкай моладзі ўстойлівых матывацыйна-каштоўнасных арыентацый па прасоўванні ідэй здаровага ладу жыцця і аховы здароўя як рэсурсу жыццёвага дабрабыту і паспяховасці.