Урачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара адбылася 20 снежня ў Мінску. Мерапрыемства сабрала сем прадстаўнікоў з устаноў вышэйшай адукацыі і навуковых устаноў Беларусі.
Атэстат прафесара ўручылі прафесару кафедры агульнай фізікі фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Наталлі Стрэкаль. Нагадаем, што вучонае званне прафесара прадстаўніку нашага ўніверсітэта было прысвоена 23 лістапада 2016 года на пасяджэнні Прэзідыума Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Навуковыя інтарэсы Наталлі Дзмітрыеўны сканцэнтраваны ў галіне прымянення метадаў аптычнай спектраскапіі ў разгадцы працэсаў жыццядзейнасці на малекулярным узроўні. Прафесар займаецца распрацоўкай вучэбна-метадычнага комплексу па нанафатоніцы для другой ступені вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з Балонскай сістэмай у рамках Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама па гранту ў рамках еўрапейскага праекта Erasmus + Physics.
Наталля Стрэкаль таксама працуе ў лабараторыі малекулярнай спектраскапіі і оптыкі нанаструктур, дзе сумесна з навукоўцамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта займаецца распрацоўкай новага аб'ектыўнага крытэрыя дыферэнцыявання клетак ракавай пухліны.