ТАА «Інфармацыйныя тэхналогіі ў будаўніцтве» стала рэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы. Падпісанне дамовы з новым рэзідэнтам адбылося 15 мая ў Навукова-тэхналагічным парку ГрДУ імя Янкі Купалы.
Заснавальнікамі прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі ў будаўніцтве» сталі супрацоўнікі і студэнты інжынерна-будаўнічага факультэта. Сёння дзейнасць фірмы - гэта вынік навуковых распрацовак купалаўцаў. Як адзначыў прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі, вельмі важна, што ў працу ўцягнутыя студэнты. Менавіта яны сталі ініцыятарамі праекта. Некаторыя з купалаўцаў ужо працуюць на прадпрыемстве і плануюць сюды размяркоўвацца.
Зараз распрацоўшчыкі канструююць страчаныя гістарычныя помнікі. Сярод нядаўніх распрацовак - макет Барыса-Глебскага манастыра, будынак якога быў разбураны. У ліку мадэляў і Фарны касцёл - адно з самых папулярных месцаў сярод турыстаў. Ажыццявіць візуалізацыю будынка дазваляюць архіўныя чарцяжы.
- Мы плануем рабіць візуалізацыю будынкаў і збудаванняў, а таксама рэканструкцыю гістарычных будынкаў і 3D-друк. З падобнай 3D-мадэлі мы можам атрымаць чарцяжы, планы, фасады будучых будынкаў, якія ў перспектыве можна раздрукаваць на 3D-прынтары. Кожны элемент - гэта маленькая 3D-мадэль, - адзначыў кіраўнік прадпрыемства, старшы выкладчык кафедры тэхнічнай механікі Эдуард Гнядэк.
Акрамя таго, тэхналогія дазваляе ствараць віртуальныя 3D-мадэлі новых будынкаў, напрыклад прыватных дамоў ці кватэр. У залежнасці ад складанасці будынка, адзін праект можа вырабляцца ад некалькіх гадзін да некалькіх тыдняў. Кожны элемент будынка робіцца ўручную.
Варта адзначыць, што ўкараненне 3D-тэхналогій у будаўніцтва і праектаванне - гэта сучасная тэндэнцыя, якая актыўна развіваецца ў Беларусі. Падобных прадпрыемстваў у Гродне няма. У будучыні вытворцы плануюць ствараць барэльефы з гістарычнымі месцамі Гродна і прасоўваць сваю прадукцыю сярод турыстаў, а таксама выйсці на міжнародны рынак.
Дарэчы, ідэя стварэння такога прадпрыемства, тады яшчэ на стадыі праекта, была прадстаўлена на конкурсе студэнцкіх start-up праектаў «ИнНаСтарт» і заняла другое месца ў намінацыі «Лепшы стартап-праект - ТЭХНАЛОГІЯ».