Гэта студэнт факультэта эканомікі і кіравання Арслан Ганна, інжынерна-будаўнічага факультэта Аляксей Заяц, факультэта матэматыкі і інфарматыкі Паліна Курбатава, філалагічнага факультэта Аляксандр Лапатнёў, факультэта біялогіі і экалогіі Надзея Марчук, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ірына Чабатарэвіч і педагагічнага факультэта Вікторыя Янулевіч. Права прымаць удзел у падзеі рэспубліканскага ўзроўню купалаўцы ўдастоены за высокія дасягненні ў вучобе, навуцы і творчасці. На працягу ўсіх гадоў навучання ва ўніверсітэце выпускнікі вялі актыўную грамадскую і валанцёрскую дзейнасць, станавіліся прызёрамі і пераможцамі разнастайных алімпіяд, конкурсаў і чэмпіянатаў.
Павітаў удзельнікаў балю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён пажадаў выпускнікам увасабляць мары ў жыццё і працаваць на канкрэтны, карысны людзям вынік.
- Нашай беларускай моладзі я хачу пажадаць, каб, мадэлюючы сваю будучыню, вы, рабяты, разумелі: усё, што мы робім, - робім не для прыгожай карцінкі ў сацыяльных сетках. Хоць гэта і модна цяпер - жыць онлайн у інтэрнэце. Але мары трэба ўвасабляць у рэальным жыцці, і вам прыйдзецца гэта рабіць, працаваць на канкрэтны, карысны людзям вынік, - сказаў Прэзідэнт. - Тады з вашых асабістых поспехаў складзецца шчаслівая будучыня краіны - усёй нашай Беларусі.
Звяртаючыся да моладзі, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх асабліва асцярожна ставіцца да прыродных рэсурсаў:
- Нам трэба ператварыць гэты кавалак зямлі, імя якому Беларусь, у самае зручнае і камфортнае месца для жыцця не толькі вашага, але і вашых дзяцей, унукаў. Давайце зробім так, каб не было хаця б горш, чым цяпер. Не ў тым плане, што будзем багацей, будуць ва ўсіх аўтамабілі, электрамабілі самага высокага класа і гэтак далей. Не ў гэтым справа. Нам трэба захаваць утульную, камфартабельную для жыцця краіну, - сказаў ён. - Вось гэта галоўнае. Усё астатняе - справа нажыўная. Мы не павінны загубіць тую прыроду, якую мы здабылі ад Госпада, таму што яе аднавіць ці купіць будзе немагчыма, гэта не аўтамабіль.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівае значэнне сённяшняй ўрачыстай падзеі ў жыцці выпускнікоў.
- Падчас штогадовых сустрэч з лепшымі выпускнікамі ВНУ - сапраўды залатым фондам нашай моладзі - я адчуваю асаблівую радасць і гонар, таму што вы - наша будучыня. Я вельмі спадзяюся, лепшая наша будучыня, - сказаў Прэзідэнт. - У гэтую залу на Рэспубліканскі баль выпускнікоў вас прывяла імправізаваная Дарога поспеху. І хай на гэтым шляху зроблены толькі першыя крокі, вы нямала папрацавалі за мінулыя студэнцкія гады.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прынята лічыць студэнцкія гады самымі лепшымі, шчаслівымі ў жыцці. Аднак Аляксандр Лукашэнка прытрымліваецца іншага пункту гледжання.
- Гэта, можа быць, і радасныя, і шчаслівыя, але гэта самыя цяжкія гады жыцця чалавека, які па-сапраўднаму вучыўся ў ВНУ і прыйшоў туды не дзеля дыплома, - растлумачыў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што вышэйшая адукацыю ў Беларусі атрымліваюць і замежныя студэнты - прадстаўнікі больш чым ста краін.
- І попыт каласальны. Мы не можам нават прыняць за вялікія грошы ўсіх, хто хоча, таму што няма дзе іх пасяліць, не хапае інтэрнатаў і не хапае вучэбна-лабараторных карпусоў, класаў, будынкаў, аўдыторый, - распавёў ён.
На цяперашні святочны баль упершыню запрошаны самыя паспяховыя з замежных студэнтаў.
- Няхай гэта стане новай добрай традыцыяй, - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, што за час вучобы гасцінная беларуская зямля стала гэтым дзецям роднай і блізкай. Калі хтосьці захоча застацца ці вярнуцца сюды зноў, ведайце: мы заўсёды будзем рады! Тут жывуць вашы сапраўдныя сябры.
Баль выпускнікоў у гэтым годзе праходзіць напярэдадні святой для беларускага народа даты - 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
- Менавіта сёння, звяртаючыся да вас, моладзі, хочацца сказаць: не забывайце тых, хто сваім подзвігам заваяваў для нас права жыць на сваёй зямлі і, самае галоўнае, пад мірным небам. Гэта ім, якія пайшлі ад нас, мы павінны быць удзячныя за цяперашняе, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Сімвалічна таксама, што гэты своеасаблівы старт выпускнікоў ў дарослае жыццё прыйшоўся на час галоўнай спартыўнай падзеі лета - II Еўрапейскіх гульняў у Мінску.
- Гэта добры знак. Бярыце прыклад, але толькі з нашых лепшых спартсменаў (а іх нямала), яркія перамогі якіх, заваяваныя медалі не толькі дораць нам, заўзятарам, моцныя эмоцыі, але і ўмацоўваюць імідж нашай роднай краіны. Будзьце і вы пакаленнем заваёўнікаў самых складаных вяршыняў, - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў перакананне, што далейшыя дасягненні сённяшніх выпускнікоў стануць лепшым выразам падзякі бацькам і настаўнікам, чые дапамога і падтрымка за гады вучобы былі бясцэнныя.
- І наогул я б вам раіў так, па-сяброўску: нос не заядацца. Усё, што ў вас цяпер ёсць, - гэта ад вашых бацькоў і тых, хто вас вучыў, вашых педагогаў. Вось з заўтрашняга дня вы будзеце дадаваць да гэтага, і гэта будзе ваша, - працягнуў ён. - Ці будзеце паніжаць, гэта таксама будзе ваша. Але я вам яшчэ спачатку параіў: толькі наперад, толькі ўверх, калі вы хочаце быць канкурэнтныя, як модна цяпер казаць, у гэтым жыцці. У адваротным выпадку - бяда. Яшчэ раз падкрэсліваю: ня спыняйцеся на дасягнутым. Энергія і талент маладосці валодаюць дзіўнай сілай, Беларусь - краіна вялікіх магчымасцяў. Усё атрымаецца, і мы яшчэ не раз з гонарам пачуем вашы імёны, - рэзюмаваў ён.
Лепшыя выпускнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі ўдастоіліся Падзякі Прэзідэнта, і кіраўнік дзяржавы асабіста ўручыў ім гэтыя ўзнагароды ў рамках мерапрыемства, падкрэсліўшы, што выпускнікі атрымалі першыя ў жыцці дзяржаўныя ўзнагароды і гэта падзея мае вялікае значэнне. Сярод узнагароджаных і студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Паліна Курбатава.
Варта адзначыць, што запрошаныя на баль выпускнікі і педагогі прыехалі ў сталіцу напярэдадні, каб падрыхтавацца да ўрачыстай падзеі і прыняць удзел у спецыяльнай пазнавальнай і забаўляльнай праграме. Напрыклад, яны пабывалі на спаборніцтвах II Еўрапейскіх гульняў. Да таго, як прыбыць непасрэдна на баль, яны сабраліся на плошчы Перамогі, дзе прайшла ўрачыстая акцыя «Маладая Беларусь памятае». Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі да манумента Перамогі і выпусцілі ў неба галубоў, што сімвалічна адлюстроўвала імкненне да мірнага і шчасьлівай будучыні краіны і народа.
Падчас галоўнай урачыстасці ўсе падзеі, элементы святочнай праграмы і нават афармленне залы былі накіраваны на тое, каб падкрэсліць поспех, які ўжо маюць выпускнікі і да якога яны будуць імкнуцца ў далейшым. Так, на баль яны ішлі па Дарозе поспеху - жоўтай дарожцы з тэматычнымі прынтамі, а ў зале дзяліліся асабістай формулай поспеху ў відэароліках, знятых загадзя адмыслова для мерапрыемства. Удзельнікаў балю чакала насычаная забаўляльная праграма з арыгінальнымі фотозонами, футурыстычнымі інсталяцыямі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі, выступамі дыджэяў і вядомых беларускіх артыстаў.
Па матэрыялах belta.by