Цырымонія ўручэння дыпломаў магістра прайшла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 31 студзеня.
У гэты дзень дыплом магістра атрымалі 105 выпускнікоў, якія навучаліся па 21 спецыяльнасці. Павіншавала выпускнікоў з новай прыступкай у іх прафесійным і навуковым развіцці, а таксама ўручыла дыпломы купалаўцам, якія атрымалі найвышэйшы бал, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
- Вы зрабілі свой першы ўпэўнены крок у навуку. Мы будзем вельмі рады, калі вы, кіруючыся прынцыпам «навучанне праз усё жыццё», падумаеце над тым, што наперадзе ў вас можа быць абарона кандыдацкай і абарона доктарскай дысертацый. У нашай краіне надаецца вялікая ўвага навукоўцам, падрыхтоўцы кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. Навука - гэта адзін з найважнейшых прыярытэтаў у развіцці любой дзяржавы. Я ад усёй душы дзякую вам за тое, што гэтыя паўтара года вы былі з намі! Жадаю вам самаразвіцця, самаўдасканалення і ажыццяўлення ўсяго задуманага!
Ірына Кітурка накіравала словы віншавання і падзякі тым, хто сёння прыйшоў падтрымаць выпускнікоў, а таксама супрацоўнікам ГрДУ імя Янкі Купалы, якія на працягу ўсяго перыяду навучання падтрымлівалі купалаўцаў. Асобныя словы падзякі рэктар адрасавала ганароваму госцю мерапрыемства, пракурору Гродзенскай вобласці Віктару Корзуну.
У сваю чаргу Віктар Корзун павіншаваў выпускнікоў, пажадаў ім развіцця і навуковых дасягненняў, а таксама адзначыў, што пракуратура вобласці заўсёды будзе падтрымліваць іх імкнення да спазнання.
У гэты дзень павіншавалі магістраў і ўручылі ім дыпломы першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў, прарэктар Мікалай Войтка, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Гачко, прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі.
Ад асобы выпускнікоў словы падзякі універсітэту, прафесарска-выкладчыцкаму складу і супрацоўнікам адрасавала выпускніца факультэта эканомікі і кіравання Святлана Аніська:
- Вялікі дзякуй выкладчыкам, якія аказалі ўплыў на наша прафесійнае станаўленне, за тое, што кожны дзень вы дапамагалі нам здзяйсняць дзіўныя адкрыцці, фарміраваць новыя веды, кампетэнцыі і навыкі. Мы цэнім вашу працу і клопат пра нас. Нашы поспехі - гэта вынік і дасягненні нашых навуковых кіраўнікоў!
Варта адзначыць, што з кожным годам жадаючых атрымаць адукацыю ў магістратуры становіцца ўсё больш. Так, першы набор у магістратуру ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся ў 1997 годзе: былі адкрыты 5 спецыяльнасцяў магістарскай падрыхтоўкі. Сёння ўніверсітэт рэалізуе адукацыйныя праграмы магістарскай падрыхтоўкі па 53 спецыяльнасцях, з іх на англійскай мове - па 14. За 23 гады акадэмічная ступень магістра прысвоена 3246 выпускнікам. Усяго ў 2020 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы плануюць падрыхтаваць каля 500 магістраў.
Навучанне ў магістратуры нацэлена на забеспячэнне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для навукова-педагагічнай, праектнай і інавацыйнай дзейнасці.