Падчас сустрэчы, якая прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу, Аляксандр Канюк адказаў на пытанні студэнтаў, якія тычацца самых розных тэм.
У самым пачатку гутаркі Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк адзначыў, што кожны візіт у Гродна для яго з'яўляецца знакавым. У свой час ён з'ехаў з роднага горада паступаць у сталіцу.
- Мне не пашанцавала так, як вам: у 1977 годзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы яшчэ не было юрыдычнага факультэта, - распавёў Аляксандр Канюк. - Калі б быў, я б, вядома, застаўся вучыцца тут. Купалаўскі ўніверсітэт рыхтуе выдатных спецыялістаў.
Генеральны пракурор Беларусі падзяліўся, што заўсёды шчыра радуецца магчымасці пагутарыць са студэнтамі і сур'ёзна рыхтуецца да такіх сустрэч, імкнучыся даць маладым людзям, будучым спецыялістам максімум карыснай і цікавай інфармацыі. Аляксандр Канюк распавёў студэнтам юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы пра спецыфіку працы ўзначаленага ім ведамства, а таксама закрануў пытанні рэфармавання судова-прававой сістэмы. Ён нагадаў, што канцэпцыя судова-прававой рэформы была створана ў краіне яшчэ ў 1992 годзе, аднак, так склалася, што працэс сур'ёзных зменаў у сістэме пачаўся нашмат пазней, у 2011 годзе. Адказваючы на адно з пытанняў, што прагучалі ў зале, Генеральны пракурор трохі паразважаў аб тым, наколькі зменяцца органы пракуратуры праз 10 - 15 гадоў:
- Адназначна сказаць складана, але відавочна адно: дзейнасць пракурораў па-ранейшаму будзе запатрабаваная. Хутчэй за ўсё, некалькі трансфармуюцца функцыі пракуратуры, але асновы прафесіі ў іх класічным разуменні застануцца.
Студэнтаў, традыцыйна, цікавілі пытанні працаўладкавання. Аляксандр Канюк пагадзіўся, што служба ў пракуратуры - гэта прэстыжна, уся юрыдычная эліта прадстаўлена ў сыстэме пракуратуры, а гэта значыць, што сярод суіскальнікаў адпаведных пасадаў вялікая канкурэнцыя. Але ў добрых спецыялістах зацікаўлены, іх заўсёды чакаюць. Што тычыцца перанасычэння рынка дыпламаванымі юрыстамі - такая праблема сапраўды існуе.
- Ці значыць гэта, што неабходна рэгуляваць колькасць студэнтаў юрыдычных факультэтаў? Магчыма. Але тут трэба глядзець, наколькі высокі ўзровень даюць маладым спецыялістам у той ці іншай навучальнай установе. Выпускнікі з дыпломам юрыста ГрДУ імя Янкі Купалы, як правіла, адрозніваюцца добрым узроўнем падрыхтоўкі, - адзначыў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк.
Падчас адкрытага дыялогу студэнтамі было зададзена шмат пытанняў, якія тычацца правапарушэнняў у сферы IT, магчымасцяў выкарыстоўваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі для больш маштабнага асвятлення дзейнасці органаў пракуратуры, а таксама пра выпадкі распачынання крымінальных спраў з-за публікацый у сетцы інтэрнэт. Пагаварылі і пра небяспеку пашырэння фэйкавай інфармацыі ў інтэрнэт-прасторы, а таксама пра тое, як да такой тэндэнцыі ставяцца прадстаўнікі органаў пракуратуры. Закранулі студэнты і такую тэму, як ўнясенне змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У завяршэнне гутаркі пагаварылі аб хобі Генеральнага пракурора, пра любімыя віды спорту і пра прадстаўніц прыгожага полу ў прафесіі. Аляксандр Канюк не стаў хаваць, што служба ў органах пракуратуры нялёгкая і часам жанчынам у пагонах прыходзіцца нялёгка. Зрэшты, як фізічная, так і маральная цягавітасць важная для ўсіх прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Але, разам з тым, пракурорская дзейнасць вельмі разнапланавая і таму цікавая. І, калі ёсць прызванне, то гендэрная прыналежнасць зусім не мае істотнай ролі. У дадзены момант сярод супрацоўнікаў сістэмы пракуратуры амаль палова - жанчыны.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Канюк прызнаўся, што ўражаны:
- Для мяне гутарка з вамі стала глытком свежага паветра. Я адчуў вашу крэатыўнасць, убачыў тут зацікаўленыя асобы. І, ведаеце, я зараз падумаў, што з задавальненнем вярнуўся б у свае студэнцкія гады. Гэта самы выдатны час!
Генеральны пракурор Беларусі шчыра пажадаў, каб студэнтам-купалаўцам заўсёды спадарожнічала ўдача, каб яны паспяхова рэалізавалі сябе ў прафесіі і ніколі не расчараваліся ў зробленым выбары. Ён таксама дадаў, што яшчэ адрасуе самыя шчырыя пажаданні іх роднай Alma mater падчас сходу, прысвечанага юбілею ГрДУ імя Янкі Купалы. Урачыстая цырымонія пройдзе 20 лютага ў Гродзенскай абласной філармоніі і стане адным з самых яркіх момантаў святочнага тыдня.