Сярод новых рэзідэнтаў - кампаніі, якія займаюцца прасоўваннем інфармацыйных тэхналогій у медыцыне, а таксама развіццём цыфравізацыі транспартнай лагістыкі.
На падпісанні дагавораў з новымі рэзідэнтамі прысутнічалі першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі і дырэктар Навукова-тэхналагічнага парку Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандр Васілевіч.
- Мы заахвочваем развіццё прадпрымальніцкіх кампетэнцый у асяроддзі нашых выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў, таму ў ліку рэзідэнтаў Тэхнапарка шмат прадстаўнікоў Купалаўскага ўніверсітэта. Але разам з тым мы актыўна прыцягваем прадпрымальнікаў, у якіх ёсць пэўныя напрацоўкі. Іх вопыт для нас вельмі каштоўны, бо часта тыя праграмныя рашэнні, якія яны прапануюць, ляжаць у плоскасці інтарэсаў таксама і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта, - адзначыў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Сярод новых рэзідэнтаў - дзве кампаніі, якія развіваюць інавацыйныя тэхналогіі ў медыцыне, і адно прадпрыемства, якое займаецца прасоўваннем сучаснага праграмнага забеспячэння ў вобласці грузаперавозак.
- Мы хочам стварыць у Гродне разумны лічбавы горад, працуем па двух напрамках - медыцына і бяспека, - падзялілася дырэктар ТАА «Белсофт Агляд» і ТАА «БелТелеМед Тэхналогіі» Марына Ляшко. -Зараз ствараецца рабочая група ў сферы медыцыны, у якой прымаюць удзел глаўурачы гарадскіх паліклінік і бальніц, зацікаўленыя ва ўкараненні нашай інфармацыйнай сістэмы. Сярод нашых праектаў таксама распрацоўка і ўстаноўка новага абсталявання дыстанцыйных медыцынскіх аглядаў, абавязковых для прадстаўнікоў пэўных прафесій перад чарговай зменай або рэйсам. Абсталяванне, прапанаванае намі, дазволіць зрабіць гэтую працэдуру больш эфектыўнай, зручнай і бяспечнай.
На дадзены момант рэзідэнтамі Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы з'яўляюцца 16 кампаній, 9 з якіх створаны супрацоўнікамі і студэнтамі нашага ўніверсітэта. З павелічэннем колькасці рэзідэнтаў узрастае патрэба і ў пашырэнні плошчаў Тэхнапарка. Чакаецца, што ўвосень будзе завершаны працэс уводу ў эксплуатацыю другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парку Купалаўскага ўніверсітэта. У новым будынку для рэзідэнтаў будуць даступныя 16 вытворчых памяшканняў плошчай ад 180 да 280 квадратных метраў, а таксама 16 офісных памяшканняў. У цяперашні час працягваецца прыём заявак ад прадпрымальнікаў на арэнду вытворчых памяшканняў Тэхнапарка. Да супрацоўніцтва запрашаюцца ўсе зацікаўленыя прадстаўнікі бізнес-супольнасці.