Экспартны кантракт на выраб электрагідраўлічнай устаноўкі рэалізаваны камандай маладых навукоўцаў фізіка-тэхнічнага факультэта.
Электрагідраўлічная ўстаноўка KID-21 створана па замове казахскіх навукоўцаў на кафедры электратэхнікі і электронікі ГрДУ імя Янкі Купалы. Устаноўка ўяўляе сабой кіраваную крыніцу высокага напружання з назапашвальным кандэнсатарам, цыклічна разраджаецца праз адмысловыя электроды, што змяшчаюцца ў вадкае асяроддзе. Для стварэння прыбора навукоўцы фізіка-тэхнічнага факультэта вырашылі шэраг задач па праектаванні і вырабу на сучаснай элементнай базе электрычнай схемы прылады, здольнай на працягу доўгага часу вытрымліваць імпульсныя токі ў сотні кілаампер, якія ўзнікаюць пры разрадцы назапашвальнага кандэнсатара.
Адно з асноўных напрамкаў выкарыстання ўстаноўкі заказчыкам - разработка электрагідраўлічнага метаду ўзбагачэння дыятамітавай сыравіны, сутнасць якога складаецца ў падзеле фракцый руды з выкарыстаннем энергіі плазмы, якая ўзнікае пры кароткім і вельмі магутным электрычным разрадзе ў вадкім асяроддзі.
Навуковым кіраўніком праекта і ініцыятарам заключэння кантракта на стварэнне ўстаноўкі з ТАА «Фатон Голд» (Рэспубліка Казахстан) стаў загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэй Герман. У склад групы распрацоўшчыкаў увайшлі намеснік дэкана факультэта Вікенцій Таркоўскі, загадчык лабараторыі электрафізічных вымярэнняў Артур Ліцкевіч і студэнт 3 курса спецыяльнасці "Фізіка" Прохар Макей.
- Распрацоўка і выраб устаноўкі былі ажыццяўлены ў сціслыя тэрміны - за 3 месяцы, - адзначыў загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі Андрэй Герман. - Аб складанасці работ кажа факт выкарыстання ў прыборы больш за паўтары сотняў найменняў камплектуючых вырабаў. Пры вырабе і тэставанні прыбора нам давялося пераадолець шэраг праблем, у выніку асобныя тэхнічныя характарыстыкі былі палепшаныя ў параўнанні з тэхнічным заданнем у некалькі разоў. У прыватнасці гэта датычыцца павялічанай энергіі і дасягнутай частоты паўтарэння электрычных разрадаў.
Варта адзначыць, што кантракт на выраб электрагідраўлічнай устаноўкі з'яўляецца шостым за апошнія тры гады экспартным кантрактам, рэалізаваным камандай маладых навукоўцаў фізіка-тэхнічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта.