У рамках двухбаковага ўзаемадзеяння з Сыктыўкарскім лясным інстытутам (РФ) студэнты факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы праслухалі лекцыі замежных выкладчыкаў.
Анлайн лекцыі з Сыктыўкарскім лясным інстытутам прайшлі ў рамках рэалізацыі сумеснай стратэгіі інтэрнацыяналізацыі двух ВНУ-партнёраў.
Студэнтам факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта правяла лекцыі дацэнт кафедры «Эканоміка і кіраванне», дырэктар Сыктыўкарскага ляснога інстытута Любоў Гур'ева. Любоў Аляксандраўна выступіла перад юнакамі з тэмай «Прававое рэгуляванне лясных адносін у Расійскай Федэрацыі ў постсавецкі перыяд». Адукацыйны майстар-клас для студэнтаў-купалаўцаў таксама правяла Людміла Пахучая, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры «Лясная гаспадарка і лесапрамысловыя тэхналогіі».
Падчас плённай дыскусіі студэнты і лектары абмеркавалі практычнае прымяненне заканадаўчых норм у вядзенні і арганізацыі лясной гаспадаркі Расійскай Федэрацыі ў параўнанні з Рэспублікай Беларусь. Удзельнікі разгледзелі асноўныя праблемы аховы лясоў, узнялі пытанні прыродаахоўных мерапрыемстваў, структуры ААПТ, адзначылі асноўныя напрамкі ў даследаванні лясоў.
Адзначым, што абодва ўніверсітэты зацікаўлены ў далейшым плённым супрацоўніцтве з мэтай узбагачэння адукацыйнага і навукова-даследчага працэсу.