Дыялог па гарачых слядах VII Усебеларускага народнага сходу 29 красавіка сабраў у вялікай актавай зале студэнтаў універсітэта.
У першы працоўны дзень па вяртанні з Мінска рэктар Ірына Кітурка - дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу - сустрэлася з працоўным калектывам, а сёння правяла сустрэчу са студэнцкім актывам універсітэта. Дэлегат ВНС, як і належыць, з'яўляецца правадніком дзяржаўнай палітыкі на сваёй малой Радзіме.
У пачатку свайго выступу Ірына Фёдараўна адзначыла, што ўпершыню на ВНС у ліку дэлегатаў былі прадстаўнікі студэнцкай моладзі. Сярод іх была наша студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Анастасія Кісель, якая стала пераможцам конкурсу "Студэнт года-2023".
- Ва ўсенародным форуме бралі ўдзел дэлегаты з кожнага рэгіёну краіны: прадстаўнікі ўсіх галін улады, усіх сфер вытворчасці і бізнесу, навукі і адукацыі, аховы здароўя і культуры, студэнцкая моладзь і ветэраны. VII Усебеларускі народны сход стаў гарантам грамадзянскага міру і згоды, - падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
Рэктар расказала, што па традыцыі Усебеларускі народны сход праводзіцца з перыядычнасцю раз на пяць гадоў. Фармат мерапрыемства - два дні актыўнай працы дэлегатаў. Сам працэс падрыхтоўкі да форуму займаў шмат месяцаў. Гэта быў перыяд, калі актывізавалася грамадскае абмеркаванне ключавых напрамкаў развіцця краіны, уносіліся прапановы аб далейшай стратэгіі дзяржаўнага ладу.
Ірына Фёдараўна нагадала пра неабходнасць правядзення ў краіне Першага Усебеларускага народнага сходу ў 1996 годзе. Тады Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які выступіў з ініцыятывай правядзення ўсенароднага форуму, прадставіў далейшую стратэгію з акцэнтам на сацыяльна арыентаваную рыначную эканоміку. На першым Усебеларускім народным сходзе была разгледжана і прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996-2000 гады. Прыярытэтныя напрамкі - экспарт тавараў і паслуг, жыллёвае будаўніцтва, развіццё АПК, таксама была адобрана ініцыятыва правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.
Падчас свайго выступу рэктар таксама прыгадала складанасці на фоне разрухі ў сярэдзіне 90-х гадоў і пералічыла толькі некаторыя значныя поспехі краіны, якія сёння выклікаюць гонар. Гэта даступнасць медыцынскага абслугоўвання і атрымання адукацыі, камфортнасць мацярынства, рост фінансавых магчымасцей і пакупніцкай здольнасці, у краіне ў поўнай меры вырашаны пытанні харчовай бяспекі. А самае галоўнае дасягненне нашай краіны - незалежнасць і мір. Рэктар працытавала словы Кіраўніка дзяржавы "мы не імкнёмся быць моцнымі гэтага свету, але мы хочам быць моцнымі ў імя МІРУ".
Таксама Ірына Фёдараўна расказала пра асноўныя лёсавызначальныя рашэнні для краіны, прынятыя на ВНС:
- Асноўным вынікам пасяджэння стала зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі, якая вызначае стратэгічныя прыярытэты і меры па забеспячэнні бяспекі краіны. У многіх дзяржавах такія дакументы з'яўляюцца дзяржаўнай тайнай. Пазіцыя Рэспублікі Беларусь заключаецца ў міралюбнасці да ўсіх народаў і ўсіх краін, але пры нападзе на нас мы будзем абараняцца, бо, як вядома, хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне.
Рэктар адзначыла, што час выбірае кожнае пакаленне для пэўнай мэты. І некалі яно выбрала нашых дзядоў, прадзедаў для бітвы ў страшнай вайне за перамогу, затым час выбраў пакаленне для аднаўлення ад пасляваеннай разрухі, а зараз час выбраў нас для захавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.
Сваім уражаннем ад удзелу ў галоўнай палітычнай падзеі года падзялілася і Анастасія Кісель. Дзяўчына адзначыла, што адчувае гонар і адказнасць за краіну, яе гісторыю, і заклікала студэнтаў быць не толькі ўдзячнымі за тое, што мы маем сёння, але і выступаць за паспяховую будучыню сваёй Радзімы.
У канцы мерапрыемства студэнты задавалі пытанні рэктару, на якія яна адказала лаканічна і даступна.