На кафедры сістэмнага праграмавання і камп'ютарнай бяспекі распрацавалі інавацыйную сістэму, прызначаную для інтэлектуальнага кантролю прысутнасці студэнтаў на тэрыторыі ўніверсітэта. Заснаваная на перадавых нейрасеткавых метадах распазнання асоб, сістэма навучана на базе фатаграфій электронных пропускаў студэнтаў.
Сістэма дазваляе не толькі дэтэктаваць прысутнасць членаў вызначанай групы на лічбавых выявах з дапамогай мабільнай прылады ў анлайн або афлайн рэжымах, але і вырашаць задачы кантролю наведвання заняткаў у адпаведнасці з раскладам. Акрамя таго, яна здольная кантраляваць знаходжанне студэнтаў па-за аўдыторыяй і будаваць сацыяльны граф студэнцкай групы.
Інавацыйная распрацоўка знаходзіцца на стадыі ўкаранення і ў хуткім часе можа выкарыстоўвацца для вырашэння задач рэкамендацыйных сістэм у інтарэсах выхаваўчай і псіхалагічнай службаў універсітэта.