Студэнты факультэта эканомікі і кіравання адправіліся ў Ліду ў экскурсійную паездку, якая стала падарункам рабятам за перамогу ў конкурсе першакурснікаў «Alma Mater – любоў з першага курса 2024». Таксама да іх далучыліся студэнты, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці факультэта і ўніверсітэта.
Студэнты і выкладчыкі наведалі Лідскі замак – галоўную славутасць Ліды і адзін з найважнейшых архітэктурных помнікаў Беларусі. Таксама азнаёміліся з экспазіцыямі Лідскага гісторыка-мастацкага музея, дзе арганізаваны стацыянарныя выставы, якія раскрываюць праз унікальныя прадметы храналагічныя падзеі краю.
Выстава “Вайна. Перамога. Памяць” расказвае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод яе экспанатаў - прадметы ваеннага часу, фатаграфіі, дакументы і ўспаміны відавочцаў. Унікальныя прадметы савецкага перыяду прадстаўлены ў музейна-вобразнай зале "Хрушчоўка 60-х".
Экспазіцыя "Сучаснае мастацтва краю" прадстаўлена творчасцю мастакоў і скульптараў Лідскага раёна. Экспазіцыя “Прырода Лідчыны” расказвае пра жывёльны і раслінны свет краю.
Удзельнікі экскурсійнай паездкі наведалі мемарыял "Курган Бяссмерця", ушанавалі памяць загінуўшых і ўсклалі кветкі. Па дарозе студэнты слухалі захапляльныя гістарычныя факты ад дацэнта кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Уладзіміра Ляўшука.