ГрДУ імя Янкі Купалы і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт будуць ажыццяўляць сумесную падрыхтоўку спецыялістаў у галіне эканамічнага права.
Дэлегацыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на чале з рэктарам Андрэем Дзмітрыевічам Каралём 3 чэрвеня 2016 года наведала Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. У склад дэлегацыі ўвайшлі першы прарэктар Ірына Фёдараўна Кітурка, прарэктар па вучэбнай рабоце Генадзій Аляксеевіч Гачко, прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Эдуардавіч Бялых і дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Ягораўна Чабуранава.
Прадстаўнікі нашага ўніверсітэта сустрэліся з рэктарам Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіліем Іванавічам Качурка, а таксама прарэктарамі і дэканамі факультэтаў універсітэта. Бакі падпісалі дамову аб сеткавай форме рэалізацыі адукацыйнай праграмы па спецыяльнасці "Эканамічнае права" з 2016-2017 навучальнага года. Падобны дагавор паміж установамі адукацыі ўпершыню падпісаны ў Беларусі.
Сеткавая форма навучання прадугледжвае засваенне навучэнцамі адукацыйнай праграмы з выкарыстаннем рэсурсаў некалькіх устаноў вышэйшай адукацыі. Базавай ВНУ дадзенай сеткавай праграмы стаў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, які будзе ажыццяўляць прыём абітурыентаў на навучанне. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы - установа-партнёр рэалізацыі адукацыйнай праграмы. На працягу чатырох семестраў студэнты спецыяльнасці "Эканамічнае права" БарДУ будуць навучацца ў вядучых выкладчыкаў і спецыялістаў ГрДУ імя Янкі Купалы. У дадатку да дыпломаў выпускнікоў спецыяльнасці "Эканамічнае права" Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта будзе паказана, якія дысцыпліны вывучаліся ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Варта адзначыць, што супрацоўніцтва двух універсітэтаў у рамках заключанага дагавора пашырыць ўнутраную мабільнасць студэнтаў, павялічыць доступ навучэнцаў да сучасных адукацыйных тэхналогій і сродкаў навучання, дазволіць паглыблена вывучаць навучальныя дысцыпліны, модулі, фарміраваць і ўдасканальваць прафесійныя кампетэнцыі, больш эфектыўна выкарыстоўваць наяўныя адукацыйныя рэсурсы, а таксама павысіць канкурэнтаздольнасць выпускнікоў устаноў адукацыі на нацыянальным і міжнародным рынках адукацыйных паслуг і працы.