Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Кароль і студэнтка педагагічнага факультэта Яна Мілюк у складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці 22–23 чэрвеня прымалі ўдзел у V Усебеларускім народным сходзе.
Усяго ў V Усебеларускім народным сходзе прыняло ўдзел 2 500 чалавек, у ліку якіх 350 дэлегатаў з Гродзенскай вобласці. Удзельнікамі форуму сталі прадстаўнікі рзных узростаў, спецыяльнасцяў, прафесій, структур улады, якія карыстаюцца павагай і аўтарытэтам у сваіх калектывах. Былі запрошаны таксама больш за сто гасцей з 55 краін свету. На сходзе былі падведзены вынікі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011–2015 гады і зацверджана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года.
На адкрыцці форума з уступным словам і дакладам перад дэлегатамі выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што галоўная мэта форума – абмеркаваць актуальныя пытанні нашага жыцця, разгледзець на агульнарэспубліканскім узроўні праблемы рэгіянальнага маштабу, прыйсці да кансалідаванай думкі адносна развязкі стратэгічных заданняў і планаў развіцця эканомікі на новы пяцігадовы перыяд.
У сваім выступе беларускі лідар не раз акцэнтаваў увагу на праблемах і перспектывах сферы адукацыі. «Па паказчыках даступнасці адукацыі – паступленню дзяцей у школу, колькасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі – Беларусь знаходзіцца на ўзроўні высокаразвітых краін. І апераджае многія краіны Еўропы і свету. Рэспубліка лідыруе па колькасці студэнтаў, якія навучаюцца ва ўстановах прафесійнай адукацыі на 10 тыс. чалавек», – праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка.
Пільную ўвагу Прэзідэнт надаў моладзі. «Матываваная, адукаваная, актыўная моладзь – гэта, па сутнасці, стратэгічны рэсурс развіцця краіны, любой краіны. Бо ад таго, якую змену мы выхаваем, наколькі падрыхтуем да самастойнага жыцця, залежыць будучыня дзяржавы, прагрэс ці дэградацыя грамадства», – лічыць Прэзідэнт.
Па яго словах, рэалізацыя гэтага прыярытэту прадугледжвае адукацыю і прафесійнае станаўленне моладзі, фарміраванне канструктыўнай грамадзянскай пазіцыі, выхаванне патрыятызму і ўцягванне ў пэўныя справы па ўмацаванні дзяржавы, абароне яе меж, забеспячэнні спакою і парадку ў грамадстве.
«Неабходна працягнуць працу па ўдасканаленні сістэмы падтрымкі адоранай, таленавітай і валодаючай лідарскімі якасцямі моладзі, раскрыццю яе творчага патэнцыялу», – задаў вектар Прэзідэнт. Адметным кірункам моладзевай палітыкі, па яго словах, стане актыўнае ўцягванне студэнтаў у навуку. «Мэта – сфарміраваць новае пакаленне даследчыкаў», – удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
«Выхоўваць кадры, пачынаючы з ВНУ, а то і са школы, прапаноўваць навучальныя праграмы, стажыроўкі і практыку на прадпрыемствах. Імкнуцца зацікавіць чалавека прафесіяй. Гэта дазволіць вырасцісь годную змену і забяспечыць упэўненую будучыню краіны», – патлумачыў ён.
Па словах Прэзідэнта, далейшае развіццё атрымаюць валанцёрскі і студатрадаўскі рухі.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што школа павінна вучыць і элементарным рэчам. Пра гэта не варта забываць і сям'і. На думку кіраўніка дзяржавы, урокі АБЖ не змогуць навучыць дзіцё выконваць правілы бяспекі, калі дома ён бачыць зусім іншае. Тое ж самае датычыцца і ўрокаў працы.
Кажучы пра некаторыя аспекты школьнай праграмы, Прэзідэнт падкрэсліў, што тут не месца «мудрагелістым падручнікам». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што перад Міністэрствам адукацыі пастаўлена задача у хуткім часе стварыць новыя падручнікі. «І іх павінны стварыць лепшыя настаўнікі рэспублікі, а не акадэмікі. Праблема пераспела. І ў гэтай пяцігодцы мы адназначна павінны яе вырашыць. нельга перагружаць дзяцей з малога ўзросту», – заявіў беларускі лідар.
У дакладзе Прэзідэнта быў агучаны і такі істотны накірунак: трэба павялічваць практыка-арыентаванасць навучання. Гэта адзіны шлях падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, якія ведаюць усе этапы вытворчасці.
«Ідэя бесперапыннай адукацыі, зразумела, не азначае, што чалавек усё жыццё будзе студэнтам. Гаворка ідзе пра адукацыю,што фарміруе ў чалавеку імкненне да пастаяннага ўдасканалення і самаразвіцця», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што сістэма адукацыі павінна выпрацоўваць у людзей здольнасць адаптавацца да зменлівых умоў. «Трэба навучыць вучыцца», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
На думку беларускага лідара, вызначацца з падрыхтоўкай кадраў для высокатэхналагічных і навукаёмістых галін эканомікі неабходна ўжо сёння.
Пасля дакладу Прэзідэнта перад удзельнікамі сходу выступалі прадстаўнікі ўладных структур і грамадскіх аб'яднанняў, спецыялісты розных галін эканомікі, дзеячы культуры, прадстаўнікі духавенства. Жыхары Беларусі мелі магчымасць патэлефанаваць на «гарачую лінію» і задаць хвалюючае іх пытанне.
У другі дзень форуму перад дэлегатамі выступалі прадстаўнікі абласцей Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя госці. Гаворка ішла аб развіцці прамысловасці, умацаванні працоўнай дысцыпліны, развіцці навукі і адукацыі. Апоўдні прайшло ўрачыстае закрыццё V Усебеларускага народнага сходу. З заключным словам перад дэлегатамі выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА
і сайта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь