Першыя вынікі ўступнай кампаніі - 2016 падвялі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Так, на дзённую бюджэтную форму навучання падалі дакументы 1735 абітурыентаў (у 2015 годзе - 1551), на завочную - 798 (у 2015 годзе - 737). З іх па трох сертыфікатах цэнтралізаванага тэсціравання ў лік студэнтаў купалаўскай ВНУ ужо залічаны 776 абітурыентаў.
У цяперашні час вядуцца ўнутраныя ўступныя іспыты сярод тых абітурыентаў, якія паступаюць у наш універсітэт па двух сертыфікатах ЦТ.
У параўнанні з прыёмнай кампаніяй - 2015 у гэтым годзе ўзрасла колькасць абітурыентаў, якія з'яўляюцца пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх, абласных і раённых прадметных алімпіяд (іх стала 17, у мінулым годзе - 13): пераможцам рэспубліканскай алімпіяды з'яўляецца 1 чалавек, пераможцамі III (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды - 4, пераможцамі II (раённага) этапа рэспубліканскай алімпіяды - 6. Сярод пераможцаў алімпіяд ГрДУ імя Янкі Купалы для старшакласнікаў 6 хлопцаў і дзяўчат.
Таксама значна павялічылася агульная колькасць абітурыентаў, якія скончылі сярэднюю школу з залатым або сярэбраным медалём (іх стала 108, у 2015 годзе было 82 чалавекі), а таксама сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам «з адзнакай» - 48 (у 2015 годзе іх было 39) . Сярод тых, хто падаў дакументы 348 скончылі ліцэі і гімназіі.
У цэлым падчас уступнай кампаніі ў ГрДУ імя Янкі Купалы зарэгістраваліся 206 абітурыентаў, якія маюць агульны сумарны бал - больш за 300 балаў.
Абітурыентам з найбольшай колькасцю балаў з'яўляецца Дар'я Друцько (379). Дзяўчына падала дакументы на спецыяльнасць "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" факультэта матэматыкі і інфарматыкі.
Сярод фаварытаў прыёмнай кампаніі - 2016 па суме набраных балаў і Анастасія Жукава. Абітурыентка набрала 377 балаў і таксама падала дакументы на спецыяльнасць "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій".
У лік лідараў па колькасці балаў ўваходзіць Валерыя Буцько. У яе 373 балы. Дзяўчына абрала спецыяльнасць "Міжнароднае права" юрыдычнага факультэта.
Найбольш папулярнымі спецыяльнасцямі дзённай формы атрымання вышэйшай адукацыі сярод абітурыентаў сталі "Правазнаўства. Эканамічнае права. Міжнароднае права" (конкурс - 6,23 чалавека на месца), "Дызайн (касцюма і тканін). Дызайн (графічны)" (3,92), "Сацыялогія" (3,86), !Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый! (3,75) і "Інфармацыя і камунікацыя"(3,6).
На завочнай і вячэрняй формах - спецыяльнасць "Сацыяльная работа (сацыяльна-рэабілітацыйная дзейнасць) (скароч.)" (6,4), "Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва (скароч.)" (4,8), "Правазнаўства (скароч.)" (4,33), "Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (скароч.)" (4,3) і "Фінансы і крэдыт. Бухгалтарскі ўлік. Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве" (3,89).
Па стане на 15.07.2016 найбольшая колькасць дакументаў ад абітурыентаў прыняў юрыдычны факультэт (344), педагагiчны (290) і факультэт эканомікі і кіравання (232).
Нагадваем, што ў абітурыентаў яшчэ ёсць магчымасць стаць студэнтамі-купалаўцамі: да 1 жніўня ўключна працягваецца прыём дакументаў на платную форму навучання.