Упершыню на абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які прайшоў 19 снежня ў МЦ «Гродна», было прадстаўлена 24 праекты. Для параўнання ў мінулым годзе ў абласны тур конкурсу выйшлі толькі 16 ідэй.
Ад Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, Тэхналагічнага і Лідскага каледжаў заяўлена пяць праектаў, якія былі адобраны яшчэ на занальным этапе. Ідэі купалаўцаў закранаюць прамысловую, медыцынскую сферы і вобласць энергазберажэння. Ацэньваў праекты экспертны савет, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады горада, прадпрыемстваў, кампаній, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў Гродзеншчыны. Наведалі конкурс і падтрымалі сваіх студэнтаў рэктар нашай alma mater Андрэй Кароль і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольд Песціс.
Словы прывітання ў адрас удзельнікаў прагучалі ад начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Вярсоцкага, першага сакратара Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «БРСМ» Эліны Брага і каардынатара праекта «100 ідэй для Беларусі» Алесі Віннік.
– Па традыцыі Гродзенская вобласць прадстаўляе яркія, якасна прапрацаваныя праекты, якія гатовыя да камерцыялізацыі, - вітаючы маладых людзей ад імя першага сакратара ЦК ГА «БРСМ» Андрэя Белякова, адзначыла Алеся Віннік. - Усе праекты, якія адбіраюць на конкурс «100 ідэй для Беларусі», рэалізуюць тыя пяць ключавых мэтаў і задач, якія адлюстраваны ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступныя пяць год. Безумоўна, гэта арыентацыя ідэй на інвестыцыі, экспарт, інфарматызацыю, занятасць насельніцтва і на моладзь. Хацелася б усім пажадаць поспехаў, веры ў сябе і самарэалізацыі!
Тры праектныя ідэі, якія прадставілі студэнты факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання ГрДУ імя Янкі Купалы, асабліва зацікавілі экспертны савет. Суддзі пыталіся пра інавацыйнасці і сабекошт прадуктаў, перавагі распрацовак купалаўцаў. На конкурсе студэнты прэзентавалі аднаразовую здымную насадку для апарата гідравакуумаспірацыі, лічбавы асцылограф з шматфункцыянальным генератарам і металапалімерныя ролікі для стужкавых канвеераў. Дарэчы, апошнія два праекты ўжо рэалізуюцца і маюць поспех.
– За гэты год мы прадалі 150 асцылографаў школам Гродзеншчыны, - растлумачыў дырэктар РУП «УНЦП «Технолаб», кіраўнік аднаго з праектаў Аляксандр Васілевіч. - Гэты прыбор дазваляе ў арыгінальнай форме праводзіць лабараторныя заняткі і практыкумы па фізіцы ва ўстановах адукацыі. Наша распрацоўка не мае аналагаў на постсавецкай прасторы, падобныя вырабы вырабляюць у Кітаі і Карэі, аднак толькі наш прыбор ажыццяўляе аўтаматызаваны збор дадзеных і апрацоўвае іх.
Навучэнец Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы прапанаваў увазе экспертнага савета мадэль рачной электрастанцыі, а Лідскага каледжа - прыладу для аўтаматычнага рэгулявання ўзроўню вадкасці і сыпкіх рэчываў.
– Прылада можа прымяняцца як у бытавых, так і ў прамысловых умовах, - расказаў аўтар ідэі, навучэнец Лідскага каледжа Міхаіл Шаванюк. - Аналагаў маёй распрацоўцы існуе вялікае мноства, але ўсе яны функцыянуюць толькі ў адным кірунку і выкарыстоўваюцца альбо дзеля спусташэньня ёмістасці, альбо для яе напаўнення. Інавацыйнасць ідэі як раз складаецца ў тым, што прылада працуе ў двух кірунках.
Узнагародзіў канкурсантаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў, які адзначыў, што моладзь Гродзеншчыны вельмі таленавітая і здольная.
Уладзімір Васільевіч уручыў тром удзельнікам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» дыпломы пераможцаў. Сярод іх студэнт 5 курса факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Дзмітрый Слесар, які прэзентаваў праект «Металапалімерных ролікі для стужкавых канвеераў».