Арганізатарам паэтычнай сустрэчы выступілі студэнты 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» і дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Банах.
–У праграме каляднага казіно-кабарэ «Бадзяжная сабака» купалаўцы прачыталі вершы Ганны Ахматавай, Сяргея Ясеніна, Марыны Цвятаевай, Мікалая Гумілёва, Уладзіміра Маякоўскага і іншых паэтаў, - расказала Ірына Вячаславаўна. - Натхнёныя словы рускай паэзіі ў выкананні студэнтаў гучалі пранікнёна і шчыра.
Свята суправаджалася жартамі і розыгрышамі. Так, адна са студэнтак пераўвасобілася ў госця з Кітая і прачытала пераклад верша Ахматавай на кітайскай мове, а затым выканала жартоўны танец у навагоднім карнавальным касцюме.
– Увянчаўся перадкалядны вечар варажбой па архетыпічных картах вядомага псіхолага-казкатэрапеўта Зінкевіч-Еўсцігнеевай. У новым годзе ўсім удзельнікам сустрэчы былі прадказаны нястомная праца над сабой, асобасны рост і, зразумела, безумоўнае шчасце, - дадала Ірына Банах.
З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна азнаёміцца тут.