У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў другі раз стартавала Зімовая школа рускай мовы. Першы тыдзень для замежнікаў апынуўся досыць насычаным.
З першых дзён свайго знаходжання ў Гродне слухачы з Польшчы, Францыі і Германіі прыступілі да далейшага ўдасканалення ведаў рускай мовы. Выкладчыкі кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян арганізавалі тэматычныя заняткі, у якіх таксама прымаюць удзел слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.
На працягу наступных дзён госці з экскурсіяй наведалі касцёл Святога Францішка Ксаверыя, дзе іх сустрэў пробашч Кафедральнага сабора ксёндз канонік Ян Кучынскі. Як расказаў адзін з удзельнікаў Зімовай школы рускай мовы - аспірант-гісторык з Францыі Гвендаль Пьеге, яго асабліва ўразіла архітэктура храма, знакаміты 21-метровы драўляны алтар пачатку XVIII стагоддзя, унікальныя скульптурныя кампазіцыі, фрэскі і каталіцкія абразы.
–Прыемным адкрыццём для мяне стала тое, што кафедральны сабор у Гродне быў названы ў гонар майго земляка, місіянера, святога велікамучаніка Францыска Ксаверыя, - падзяліўся слухач з Францыі.
З цікавасцю замежныя навучэнцы школы праслухалі лекцыю па культуры Беларусі, якую для іх правёў загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны Сяргей Данскіх. А майстар-клас па прыгатаванні страў беларускай кухні нікога не пакінуў абыякавым. Слухачы разам з валанцёрамі і выкладчыкамі школы з захапленнем рыхтавалі куццю на свята Вадохрышча. Таксама ўдзельнікі Зімовай школы праявілі сябе на факультатыўным курсе «Караоке па-руску», які ўжо другі год паспяхова праводзіцца на кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян. Там замежнікі пазнаёміліся з рускімі скорагаворкамі і выканалі некалькі песень на рускай мове, сярод якіх была знакамітая «Кацюша». І, вядома, разам з валанцёрамі замежныя госці пабывалі ў розных забаўляльных установах горада.
– Завяршэннем першага тыдня Зімовай школы рускай мовы стала традыцыйная вечарына знаёмстваў, якую на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі купалаўскага ўніверсітэта праводзяць ужо ў трэці раз, - падзялілася старшы выкладчык кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян Таццяна Чаркес. - Свята сабрала нетолькі ўдзельнікаў Зімовай школы, але і даўніх слухачоў факультэта і выпускнікоў.
Дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Юрый Раманоўскі прапанаваў удзельнікам сустрэчы гульню, у рамках якой замежнікам неабходна было вырашыць матэматычную задачу. З гэтым паспяхова справіўся слухач з Кітая Лю Сіньюе. На вечары ўдзельнікі на рускай мове расказвалі пра сябе, свае захапленні і пра радзіму. Разбавілі сустрэчу канцэртныя нумары, падчас якіх кожны мог атрымаць асалоду ад музычных кампазіцыяй, большасць з якіх замежныя ўдзельнікі выканалі на рускай мове.