Кітайская дыпламатычная місія на чале з паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі наведала Гродна ў межах святкавання 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі 21 студзеня 2017 года.
Падчас свята перад гарадзенцамі выступіў Дзяржаўны тэатр песні і танца правінцыі Ганьсу, а ў Новым замку адкрылася выстава кітайскага традыцыйнага жывапісу Марыны Эльяшэвіч, якую наведалі слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
– Гэтае свята для нас, студэнтаў з Кітая, таму што мы можам чуць родную кітайскую мову тут, у Гродне. На свяце склалася такое ўражанне, быццам мы знаходзіліся ў маленькім Кітаі, - падзяліўся сваімі ўражаннямі слухач факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Лю Сіньюе. - Да таго ж нам было вельмі прыемна пагутарыць і сфатаграфавацца з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымінам.