Юбілейны XX выпуск магістрантаў адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 3 лютага. Дыплом магістра атрымалі 120 выпускнікоў па 18 спецыяльнасцях.
Цырымонія ўручэння сабрала не толькі ўчорашніх магістрантаў, але і прарэктарскі корпус нашай альма-матэр, дэканаў факультэтаў, супрацоўнікаў універсітэта і бацькоў выпускнікоў. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел ганаровыя госці - намеснік старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэй Болтрык і загадчык натарыяльнай канторы Кастрычніцкага раёна г. Гродна Наталля Матусевіч.
З прывітальным словам да прысутных ад імя рэктара Андрэя Караля звярнулася першы прарэктар. Ірына Кітурка пажадала ўсім моцнага здароўя, асабістага шчасця, невычэрпнай энергіі на ўсім жыццёвым шляху, заўсёды памятаць сваю родную альма-матэр, а галоўнае - увесь час рэалізоўваць Місію ўніверсітэта, выяўляючы, раскрываючы і рэалізоўваючы патэнцыял сваіх цяперашніх і будучых калег. Першы прарэктар уручыла дыпломы магістраў тым выпускнікам, якія сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў.
Таксама дыпломы аб заканчэнні другой ступені вышэйшай адукацыі выпускнікі атрымалі з рук прарэктара па вучэбнай рабоце Генадзія Гачко, прарэктара па навуковай рабоце, Уладзіміра Барсукова, прарэктара Мікалая Войтка, дэкана педагагічнага факультэта Святланы Кострыцы, а таксама ганаровых гасцей святочнага мерапрыемства.
Ад імя выпускнікоў да прафесарска-выкладчыцкага складу нашай альма-матэр звярнуліся магістр філалагічных навук Таццяна Аначка і магістр педагагічных навук Інга Бышкала. Выпускніцы падзякавалі кіраўніцтву ўніверсітэта, навуковым кіраўнікам і выкладчыкам універсітэта за атрыманыя неацэнныя веды і вопыт, цярпенне і вытрымку, прафесіяналізм і спагадлівасць, за пастаяннае прытрымліванне сваёй важнай місіі педагога і настаўніка. Таццяна і Інга пажадалі ўсім удзельнікам гэтага ўрачыстага мерапрыемства поспехаў, моцнага здароўя і дабрабыту.
Даведка
Набор у магістратуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўпершыню быў абвешчаны ў 1997 годзе па пяці спецыяльнасцях магістарскай падрыхтоўкі.
Сёння купалаўскі ўніверсітэт прапануе навучанне па 56 спецыяльнасцях другой ступені вышэйшай адукацыі. З 2012 года ў магістратуры ўніверсітэта нароўні з традыцыйнымі «акадэмічнымі» праграмамі падрыхтоўкі магістраў было пачата праектаванне праграм з паглыбленай падрыхтоўкай спецыялістаў т.зв. «практыка-арыентаванай» або «прафесійнай» магістратуры.
Штогод ў магістратуры ўніверсітэта навучаецца больш за 500 магістрантаў. За 20 гадоў падрыхтавана 2145 магістраў, якія паспяхова рэалізавалі сябе ў ролі інжынераў, педагогаў, навукоўцаў і людзей, паспяховых у бізнэсе.