Упершыню ў рамках марафону правядуць турыстычны злёт. Пра гэта стала вядома 22 лютага падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця свята.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты факультэтаў, дэканы, школьнікі, прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацый Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў г. Гродна, навучэнцы і дырэктары Гуманітарнага і Тэхналагічнага каледжаў.
Адкрылі марафон начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава і начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна Аксана Тарасевіч.
– Грамадзянска-патрыятычны марафон стаў сапраўдным традыцыйным святам, якое аб'ядноўвае лепшых, дае магчымасць адкрыць маладым людзям у сабе новыя здольнасці і паказаць сябе ў бескампраміснай барацьбе, - адзначыла Аксана Котава. - Спадзяюся, што наша свята пашырыць свае межы і аб'яднае жыхароў Гродна!
Да ўдзельнікаў марафону звярнулася дэкан педагагічнага факультэта Святлана Кострыца, чый факультэт стаў пераможцам праекта ў 2016 годзе.
– Марафон - гэта змаганне, таму я жадаю ўсім цягавітасці, знайсці ў сабе сілы ісці да канца, да перамогі. І няхай у самы патрэбны момант у вас адкрыецца другое дыханне, - пажадала Святлана Якаўлеўна. - Няхай сёлета пераможа самая цягавітая, самая мэтанакіраваная і самая згуртаваная каманда. Няхай не хвалююцца тыя, хто не паднімецца на п'едэстал, бо пераможцам стане кожны, таму што нас аб'ядноўвае агульная мэта - моцная і квітнеючая Беларусь!
Словы віншавання ў адрас удзельнікаў праекта ў сваім відэазвароце накіраваў беларускі кідальнік молата, Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, двухразовы чэмпіён свету, прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 і 2016 гадоў, аспірант нашай alma mater Іван Ціхан.
Завяршылася ўрачыстая цырымонія клятвай удзельнікаў марафону.
Варта адзначыць, што ўжо стартавалі першыя конкурсы праекта. Студэнты паказвалі свае веды па гісторыі і культуры Беларусі ў рамках цыкла інтэлектуальных мерапрыемстваў «Мы - нашчадкі Перамогі». Удзельнкі прайшлі тэсціраванне, канчатковыя вынікі якога будуць вядомыя на закрыцці марафона.
Даведка
Грамадзянска-патрыятычны марафон «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь» з'яўляецца самым маштабным праектам купалаўскага ўніверсітэта, які на некалькі месяцаў аб'ядноўвае студэнтаў, работнікаў і выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама навучэнцаў каледжаў, школьнікаў і педагогаў Гродна.
Упершыню марафон правялі ў 2015 годзе - у год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Год моладзі. У 2016 годзе марафон пашырыў свае межы: да яго падключыліся навучэнцы ўстаноў сярэдняй адукацыі г. Гродна. Пераможцам першага марафону стаў факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму. У 2016 годзе перамогу святкаваў педагагічны факультэт.
Па традыцыі марафон уключае ў сябе пяць цыклаў мерапрыемстваў: цыкл інтэлектуальных мерапрыемстваў «Мы - нашчадкі Перамогі», цыкл творчых мерапрыемстваў «Моладзь. Ініцыятыва. Будучыня», цыкл мерапрыемстваў па выхаванні адказнага стаўлення да сям'і «Разам - у абарону жыцця, маральнасці і сямейных каштоўнасцяў», цыкл мерапрыемстваў ваенна-спартыўнага характару «Да абароны Айчыны гатовы» і конкурс «Тата, мама, я - спартыўная сям'я». Новым у гэтым годзе стане правядзенне турыстычнага злёту.