Буйное маладзёжнае мерапрыемства ў 26-ы раз аб'яднала звыш 600 актыўных, ініцыятыўных, спартыўных і таленавітых маладых людзей з Беларусі, Латвіі і Расіі пад дэвізам «25 гадоў разам - насустрач XIX Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў». Па традыцыі форум прайшоў на Кургане Дружбы ў Віцебскай вобласці.
Ганаровымі гасцямі на ім сталі ветэраны моладзевых рухаў Беларусі, Латвіі і Расіі. Гродзенскую вобласць на форуме прадставілі лідэры гарадскіх і раённых арганізацый Саюза моладзі, а таксама актывісты моладзевага руху. Сярод іх выпускнікі купалаўскага ўніверсітэта, дэлегацыю якіх узначаліў сакратар ПА / РК ГА «БРСМ» ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Есін. Усе разам маладыя людзі склалі каманду «Гародня».
– Насычаная культурная праграма - традыцыя моладзевага лагера. На працягу чатырох дзён юнакі спаборнічалі ў чэмпіянатах па футболе і валейболе, у перацягванні ліны і дартсе, удзельнічалі ў конкурсах творчых візітовак, дэманстравалі каларыт вакальнага і танцавальнага майстэрства ў конкурсе музычных нумароў «Бе-La-Рускія зоры», - распавёў Андрэй Есін.
Акрамя гэтага, для ўдзельнікаў арганізавалі конкурс бівуакаў «Разам сустракаем XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў»,, конкурс пар «Дружба без перашкодаў», правялі інтэлектуальную гульню «Рубікон», фотавыставу «25 гадоў разам», а таксама мітынг памяці герояў Вялікай Айчыннай Вайны і наведванне музея баявой славы.
Таксама моладзевыя лідэры і актывісты абмяняліся вопытам і абмеркавалі варыянты ўзаемадзеяння перад правядзеннем XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у кастрычніку гэтага года ў Сочы. Чакаецца, што ён стане найбуйнейшай падзеяй у сваёй сферы і збярэ больш за 20 тысяч маладых людзей з 150 краін свету - прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацый, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дасягнулі поспехаў у навуцы, творчасці, спорце, педагогіцы, IT, палітыцы, лепшых прадстаўнікоў студэнцтва.
–У цэлым жа мерапрыемствы лагера накіраваны на развіццё і ўмацаванне існуючых кантактаў і супрацоўніцтва. Форум «Бе-La-Русь 2017» спрыяе выпрацоўцы новых прапаноў для фестывалю, фарміраванні міжнацыянальных каманд і ініцыятыўных груп, - адзначыў Андрэй Генадзіевіч.
Нагадаем, што арганізатарамі Міжнароднага маладзёжнага лагера «Бе-La-Русь» выступаюць Грамадскае аб'яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Саюз за прагрэс моладзі Латвіі і агульнарасійская грамадская арганізацыя «Расійскі Саюз Моладзі».