4 ліпеня Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з дзелавым візітам наведалі прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Польшча.
У складзе замежнай дэлегацыі - дэкан факультэта лагістыкі Грамадскай акадэміі навук у Варшаве Ежы Целак і супрацоўнік Вышэйшай школы прадпрымальніцтва і кіравання ў Любліне Ёзэф Зямчонак.
Падчас сустрэчы прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых распавёў гасцям пра купалаўскі універсітэт, прыярытэтных кірунках працы і развіцця нашай установы адукацыі. Акрамя таго бакі абмеркавалі стратэгію і тактыку магчымага сумеснага ўзаемадзеяння, актуальныя і найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва.
Вынікам сустрэчы стала падпісанне рамачнага пагаднення паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Грамадскай Акадэміяй Навук у Варшаве, якое прадугледжвае вялікі спектр двухбаковых ініцыятыў. У рамках падпісанай дамовы плануецца распрацоўка і рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм, навуковых даследаванняў, правядзенне акадэмічных абменаў, стажыровак выкладчыкаў, канферэнцый, абмен навуковымі публікацыямі і вучэбна-метадычнымі праграмамі, даведачнай літаратурай.