VII Міжнародны тыдзень абмену супрацоўнікамі ў рамках праграмы ERASMUS + праводзіўся на базе Універсітэта Мікаласа Рамэрыса ў Вільні (Літва) з 3 па 7 ліпеня 2017 года.
Удзел у мерапрыемствах прынялі больш за 40 супрацоўнікаў устаноў адукацыі з 20 краін свету: Партугаліі, Італіі, Румыніі, Венгрыі, Германіі, ЗША, Грузіі, Азербайджана, Казахстана, Кітая, Малайзіі, Індыі і інш.
Міжнародны тыдзень абмену супрацоўнікамі праводзіцца з мэтай пашырыць і паглыбіць супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі еўрапейскіх краін з краінамі-партнёрамі ў рамках праграмы ERASMUS +. У гэты раз праграма была арыентавана на супрацоўнікаў устаноў адукацыі, уцягнутых ў працэс інтэрнацыяналізацыі: супрацоўнікаў міжнародных аддзелаў, аддзелаў па працы з замежнымі студэнтамі, аддзелаў па прыёме дакументаў, аддзелаў адміністравання праектаў, супрацоўнікаў бібліятэк, а таксама на супрацоўнікаў факультэтаў, каардынуючых міжнародную дзейнасць. Дарэчы, VII Міжнародны тыдзень абмену з'яўляецца часткай мерапрыемстваў, прысвечаных 30-ай гадавіне праграмы ERASMUS +.
Удзельнікі мерапрыемства атрымалі магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй міжнароднага супрацоўніцтва, міжнароднай праектнай дзейнасці і акадэмічных абменаў ва Універсітэце Мікаласа Рамэрыса, абмяняцца вопытам і ўсталяваць новыя кантакты для далейшага супрацоўніцтва. У рамках мерапрыемстваў VII Міжнароднага тыдня абмену супрацоўнікамі начальнік аддзела па працы з замежнымі студэнтамі Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Ганна Бідная прадставіла замежным калегам адукацыйныя магчымасці і навуковы патэнцыял купалаўскага ўніверсітэта, падзялілася вопытам арганізацыі акадэмічных абменаў, рэалізацыі міжнародных праектаў ва ўстанове адукацыі, распавяла пра асаблівасці працы з замежнымі студэнтамі.
- Удзел у падобным мерапрыемстве, несумненна, з'яўляецца выдатнай магчымасцю павысіць свой прафесійны ўзровень, укараніць перадавы замежны вопыт у галіне інтэрнацыяналізацыі, завязаць новыя кантакты для далейшага супрацоўніцтва і набыць новых партнёраў, - адзначыла Ганна Бідная.
Для ўдзельнікаў Міжнароднага тыдню была арганізавана насычаная культурная праграма: супрацоўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі з краін Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі пабывалі ў культурна-гістарычных месцах Вільнюса, наведалі Нацыянальную бібліятэку імя Марціна Мажвіда - адно з найбуйнейшых збораў навуковай і мастацкай літаратуры ў Літве.