Мерапрыемствы пройдуць у Гродзенскім абласным цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю 11 жніўня ў рамках «Дзён дабра».
На працягу акцыі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы - валанцёры руху «Добрае Сэрца» арганізуюць развіваючыя гульні, паказы і канцэрты.
«Дні дабра» з'яўляюцца часткай штогадовага дабрачыннага марафону Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Усе фарбы жыцця для цябе!». Яго мэта - адраджэнне і папулярызацыя ідэй дабрачыннасці і міласэрнасці, аказанне псіхалагічнай падтрымкі дзецям і падлеткам - выхаванцам сацыяльных устаноў, маладым людзям з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама маюць патрэбу ў дарагіх аперацыях.
Адзначым, што купалаўцы з'яўляюцца актывістамі дабрачынных акцый: штогод разам з прадстаўнікамі адміністрацыі ўніверсітэта прымаюць удзел у рэспубліканскіх і абласных акцыях "Цуды на Каляды" і "Елка жаданняў", напярэдадні калядных і навагодніх святаў арганізуюць дабрачынныя кірмашы, ставяць спектаклі і мюзіклы, накіраваныя на збор сродкаў для маючых патрэбу ў лячэнні дзяцей. Кожны год незадоўга да пачатку навучальнага года ў рамках рэспубліканскай акцыі "У школу з добрым сэрцам" студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы дапамагаюць збіраць канцылярскія тавары, спартыўны інвентар, тавары для дзіцячай творчасці, развіваючыя настольныя гульні, навучальныя дапаможнікі, школьную вопратку і абутак для дзяцей з шматдзетных сем'яў, дзіцячых дамоў, сацыяльна-педагагічных прытулкаў, а таксама дзяцей, якія ў сілу свайго здароўя навучаюцца дома. Акрамя гэтага купалаўцы наведваюць дзіцячыя дамы Гродзеншчыны і праводзяць забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей-інвалідаў на працягу ўсяго года.