Галоўны сусветны форум адбудзецца 21-26 жніўня ў Парыжы, дзе збяруцца наймацнейшыя барацьбіты планеты. У склад нацыянальнай зборнай Беларусі ўключаны дзевяць спартсменаў Гродзенскай вобласці, сярод іх - чатыры студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Купалаўцы выйдуць на дываны 21-22 жніўня, каб біцца ў грэка-рымскай барацьбе. Гэта шматразовыя пераможцы і прызёры рэспубліканскіх, еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў па барацьбе - студэнты факультэта фізічнай культуры: Саслан Дауров (вагавая катэгорыя 66 кг), Павел Лях (71 кг), Радзік Куліеў (80 кг) і Аляксандр Грабовік (98 кг).
Трэнерамі спартсменаў з'яўляюцца Заслужаны трэнер СССР і БССР, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту факультэта фізічнай культуры Вячаслаў Максімовіч і трэнер-выкладчык па грэка-рымскай барацьбе Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Іван Чэчка.