Пра гэта стала вядома 22 жніўня. Нагадаем, што сусветныя спаборніцтвы праходзяць у сталіцы Францыі і працягнуцца да 26 жніўня.
Адзіны срэбраны медаль у агульную скарбонку зборнай Беларусі прынёс студэнт факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Радзік Куліеў.
У вагавой катэгорыі 80 кг на шляху да фіналу змагар здолеў даказаць сваю перавагу над кітайцам Зхао, балгарынам Аляксандравым і азербайджанцам Мурзаліевым. У фінальным супрацьстаянні з прадстаўніком Арменіі Максімам Манукянам беларускі спартсмен прапусціў тэхнічны праход у корпус і аддаў саперніку эфектны накат.
Адзначым, што Радзік Куліеў з'яўляецца пераможцам і прызёрам мноства рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтваў, а таксама чэмпіянатаў Еўропы і свету па барацьбе.
Трэнерам спартоўца з'яўляецца Заслужаны трэнер СССР і БССР, загадчык кафедры фізічнага выхавання і спорту факультэта фізічнай культуры Вячаслаў Максімовіч.