У Акадэміі фізічнага выхавання імя Браніслава Чэха (Польшча) адбылася II Міжнародная навуковая канферэнцыя «Спартыўная рухальная дзейнасць - тэарэтычныя падставы і практычныя эфекты». Навуковы форум аб'яднаў навукоўцаў з Польшчы, Беларусі, Італіі, Ізраіля і Японіі.
Беларусь на канферэнцыі прадставілі загадчык кафедры спартыўных дысцыплін Віталь Храмаў і загадчык кафедры спартыўнай медыцыны і лячэбнай фізічнай культуры купалаўскага ўніверсітэта Андрэй Шпакаў. Праца форуму была прысвечана медыка-біялагічным, псіхалагічным і педагагічным аспектам фізічнага выхавання, спартыўнай трэніроўцы, аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры.
На пленарным пасяджэнні прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы расказалі замежным калегам аб камп'ютарных тэхналогіях у методыцы навучання рухальным дзеянням. У прыватнасці, удзельнікі з іншых краін азнаёміліся з тэарэтычнымі і метадычнымі асновамі прымянення камп'ютарных дыдактычных сродкаў у працэсе навучання тэхніцы розных відаў спорту. Асаблівую ўвагу навукоўцы купалаўскага ўніверсітэта надалі тэхналагічным інавацыям, якія выкарыстоўваюцца на занятках па спартыўна-педагагічных дысцыплінах са студэнтамі факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У рамках канферэнцыі Віталь Храмаў і Андрэй Шпакаў правялі перамовы з прадстаўнікамі адміністрацыі Акадэміі фізічнага выхавання імя Браніслава Чэха. На сустрэчах абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва ў галіне міжнароднай праектнай дзейнасці, сумеснага выканання навуковых даследаванняў, а таксама развіцця праграм акадэмічнай мабільнасці.
З усімі навінамі факультэта фізічнай культуры можна азнаёміцца тут.