ГрДУ імя Янкі Купалы ўпершыню увайшоў у рэгіянальны рэйтынг QS EECA Ranking 2018 і трапіў у ТОП 200 лепшых ВНУ рэгіёну краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі, што складае 7% ад агульнай колькасці вышэйшых навучальных устаноў якія ўдзельнічаюць у рэйтынгу.
Усяго ацэньвалася 2938 ВНУ з трыццаці краін, сярод якіх краіны СНД, Балтыі, Каўказа, а таксама Турцыя, Балгарыя, Венгрыя, Албанія, Харватыя, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія і Чэхія. Першую пазіцыю ў рэйтынгу займае Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава.
Сярод беларускіх вышэйшых навучальных устаноў у ТОП 200 рэйтынгу ўвайшлі чатыры ўніверсітэты: лепшы вынік у БДУ - 21 месца, БНТУ заняў 79 месца, БДУІР на 118 пазіцыі. ГрДУ імя Янкі Купалы - займае месца ў групе «191-200». У гэтай жа групе знаходзяцца такія ўніверсітэты, як Расійскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А.І. Герцэна, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут, Кіеўскі нацыянальны лінгвістычны ўніверсітэт.
У рэйтынгу ўлічваюцца акадэмічны аўтарытэт ВНУ, рэпутацыя сярод працадаўцаў, суадносіны прафесарска-выкладчыцкага складу да ліку навучэнцаў, доля замежных выкладчыкаў, доля замежных студэнтаў, доля супрацоўнікаў з вучонай ступенню, папулярнасць інтэрнэт-рэсурсаў, колькасць апублікаваных і цытаваных артыкулаў у выданнях Scopus.
QS World University Rankings – гэта глабальнае даследаванне вышэйшых навучальных устаноў сусветнага значэння па паказчыках іх дасягненняў у галіне адукацыі і навукі. Гэты рэйтынг быў распрацаваны ў 2004 годзе і разлічваецца па методыцы брытанскай кансалтынгавай кампаніі Quacquarelli Symonds (QS). Лічыцца адным з найбольш уплывовых глабальных рэйтынгаў універсітэтаў.
Больш падрабязна даведацца пра месца ГрДУ імя Янкі Купалы ў сусветных рэйтынгах можна тут.