Навуковы форум быў прысвечаны тэме «Гістарыяграфія сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі і Расіі: змена парадыгмаў».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнулася першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Падкрэсліўшы актуальнасць вывучэння сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі, Ірына Фёдараўна пажадала ўсім цікавых дыскусій, новых адкрыццяў і дасягненняў.
Важнасць развіцця гістарычных навуковых даследаванняў і неабходнасць арганізацыі плённага супрацоўніцтва ў навуковай сферы паміж нашым універсітэтам і замежнымі ўніверсітэтамі-партнёрамі адзначыла в.а. дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык. Асаблівасці фарміравання сацыяльна-эканамічнай гісторыі як навуковага напрамку прадставіў заснавальнік і ідэйны натхняльнік канферэнцыі, загадчык кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Аляксандр Нечухрын.
На пленарным пасяджэнні з дакладам «Прастора як катэгорыя сацыяльна-гістарычнага аналізу» выступіла Вольга Вараб'ёва, кіраўнік Цэнтра інтэграцыі акадэмічнай навукі і адукацыі Інстытута ўсеагульнай гісторыі РАН, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі гуманітарных ведаў Інстытута філалогіі і гісторыі Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта. Ганаровая госця выказала зацікаўленасць у наладжванні кантактаў паміж навукоўцамі Расіі і Беларусі і падарыла арганізатарам канферэнцыі найноўшыя расійскія выданні, прысвечаныя параўнальнай гісторыі і тэорыі цывілізацый.
Праблемам вывучэння сацыяльна-эканамічнай гісторыі ў беларускай гістарыяграфіі прысвяціў свой выступ на пленарным пасяджэнні намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч.
У рамках секцыйных пасяджэнняў ўдзельнікі канферэнцыі абмеркавалі сучасныя канцэптуальныя падыходы і навацыі ў адукацыйным працэсе пры вывучэнні сацыяльна-эканамічнай гісторыі і гістарыяграфічныя і метадалагічныя праблемы яе даследавання.
З усімі навінамі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму можна азнаёміцца тут.