Адкрыццё фестывалю адбылося ў Міжнародны дзень студэнта. Сотні замежных студэнтаў з усіх універсітэтаў краіны сабраліся на маштабнае свята культур і народаў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Сярод іх прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У гэтым годзе фестываль праходзіць пад дэвізам «Моладзь свету: самабытнасць, салідарнасць, супрацоўніцтва».
У рамках фестывалю працавалі інтэрактыўныя стэнды і была арганізавана гала-праграма «Беларусь сустракае сяброў». Купалаўскі ўніверсітэт прадставіў інфармацыйную пляцоўку па экспарту адукацыйных паслуг і выставу творчых работ замежных студэнтаў «World impression».
У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дыпламатычнага корпуса, рэктары і прарэктары ўстаноў вышэйшай навучальнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ад імя ўдзельнікаў і гасцей урачыстага адкрыцця рэспубліканскага фестывалю вітаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык.
–Такія маштабныя мерапрыемствы як рэспубліканскі фестываль творчасці замежных студэнтаў «F. - ART.by» аб'ядноўваюць людзей усіх нацыянальнасцяў, прадстаўнікі якіх навучаюцца ва ўніверсітэтах Рэспублікі Беларусь. Гэта выдатная магчымасць набыць новых сяброў і расказаць усім аб нашым родным універсітэце, - падзяліўся ўражаннямі ўдзельнік фестывалю, студэнт 1 курса педагагічнага факультэта Хасан Бепары.