Аляксандр Карлюкевіч наведаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў рамках Адзінага дня інфармавання і ў фармаце адкрытага дыялогу пагутарыў са студэнтамі купалаўскага ўніверсітэта – будучымі працаўнікамі СМІ і калектывам установы.
У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч і рэктар купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.
Аляксандр Мікалаевіч прапанаваў не абмяжоўвацца абранай тэмай, а пабудаваць дыялог у пашыраным фармаце. Міністр падкрэсліў, што сёння рэдакцыя кожнага СМІ павінна быць медыйным, камунікатыўным цэнтрам і скарыстаць самыя розныя фарматы адносін з чытачом – не толькі на паперы, але і, перш за ўсё, у сацыяльных сетках.
Адказваючы на пытанне пра падрыхтоўку журналістаў у рэгіёнах, Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што ў Гродзенскім універсітэце ёсць добрая база для таго, каб вучыцца і стаць прафесіяналам. Гэтаму ў будучыні могуць спрыяць і новыя формы навучання спецыялістаў.
– Калі гаварыць пра медыйную сферу, якая чакае падрыхтаванага і адукаванага журналіста, то хацеў бы звярнуць увагу на тое, што ў навучанні павінна быць больш практычных семінараў. Галоўнае – навучыць студэнтаў тэхналогіям. Гэта павінны рабіць выкладчыкі, практыкуючыя журналісты, якія маюць вялікі досвед. А веды, якія журналіст хоча атрымаць, каб быць прафесіяналам, ён павінен шукаць самастойна, – дадаў міністр.
Таксама будучых журналістаў цікавілі пытанні «узбуйнення» СМІ і ўтварэння ў Беларусі медыяхолдынгаў, аптымальных суадносін «уласнага» і «набытага» кантэнту ў эфіры рэгіянальных тэлеканалаў, разбурэння структуры традыцыйных СМІ і «ўніверсальнасці» журналіста.
– Цяпер СМІ канвергентыя, мультымедыйныя. Адсюль дыктуецца сам фармат працы журналіста. Важна данесці інфармацыю да спажыўца, важна мець зваротную сувязь, ведаць, што ваш прадукт запатрабаваны. А што да разбурэння традыцыйнай структуры сродкаў масавай інфармацыі, калі ў газеты рэальны тыраж стане менш, а кантэнту на сайце больш, то ў гэтым няма нічога страшнага. Сваю галоўную функцыю вы выканаеце. І я б не назваў гэта разбурэннем традыцыйнай структуры, а пераўтварэннем газеты ў мультымедыйны цэнтр, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч.
Прагучала пытанне і пра прадстаўленасць беларускіх СМІ ў сацыяльных сетках. Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў патрэбу сродкаў масавай інфармацыі ісці ў нагу з часам, скарыстаць для свайго прасоўвання і камунікацыі з аўдыторыяй новыя тэхналогіі. Да гэтага, на думку міністра інфармацыі, гатовы большасць рэдакцый і журналістаў, шмат з іх паспяхова арганізавалі сваю працу на буйных інтэрнэт-пляцоўках.
Задалі міністру пытанне і пра тое, як сучаснай газеце ўтрымаць чытача.
– Газета – гэта сродак зносін рэдакцыі з чытачом. Каб аўдыторыя ў газеты была сталай, трэба ствараць матэрыялы, цікавыя чытачу. У прыватнасці, аналітычныя, падымаць тэмы актуальныя, казаць пра сур'ёзныя з'явы, – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч. – Газета павінна не інфармаваць, а расказваць, даваць ацэнку, прадстаўляць думку. Добрая ў гэтым сэнсе аўтарская калумністыка. Тады газета будзе цікавай.
Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што кожнаму, хто хоча быць сапраўдным журналістам, трэба валодаць усім журналісцкім інструментарыем.
– Добры журналіст павінен не толькі добра казаць, але і добра думаць, – завяршыў міністр.
- Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч сустрэўся са студэнтамі купалаўскага ўніверсітэта
- Аляксандр Карлюкевіч наведаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках Адзінага дня інфармавання і ў фармаце адкрытага дыялогу пагутарыў са студэнтамі купалаўскага ўніверсітэта – будучымі працаўнікамі СМІ
- Падчас сустрэчы студэнтаў цікавілі пытанні «ўзбуйнення» СМІ і ўтварэння ў Беларусі медыяхолдынгаў, аптымальных суадносін «уласнага» і «набытага» кантэнту ў эфіры рэгіянальных тэлеканалаў
- Таксама купалаўцы задавалі пытанні пра разбурэнне структуры традыцыйных СМІ і «ўніверсальнасць» журналіста
- Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі зрабілі фота на памяць
- Падчас візіта ў Гродна Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч сустрэўся з калектывам Гродзенскага ўніверсітэта
- Свае пытанні міністру адрасавалі студэнты іншых факультэтаў
- У сустрэчы прымалі ўдзел члены Каардынацыйнага студэнцкага савета
- Аляксандр Карлюкевіч адказаў на ўсе пытанні прадстаўнікоў універсітэта
- Сваё пытанне міністру адрасавала дэкан педагагічнага факультэта Святлана Кострыца
- Задалі міністру пытанне і пра тое, як сучаснай газеце ўтрымаць чытача
- У сустрэчы прынялі ўдзел дэканы факультэтаў і выкладчыкі ўніверсітэта
- Таксама ўдзельнікамі сустрэчы сталі прарэктары ГрДУ імя Янкі Купалы
- Шмат пытанняў тычылася медыйнай сферы Беларусі
- Свае пытанні міністру адрасавалі студэнты іншых факультэтаў
- Студэнты з цікавасцю слухалі адказы на шматлікія пытанні