Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь узнагароджаны прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Уладзімір Барсукоў. Нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі» адзначаны загадчык кафедры біяхіміі факультэта біялогіі і экалогіі Ілья Заводнік.
Ушанаванне дзеячаў навукі і ўручэнне ўзнагарод адбыліся ў час Рэспубліканскага сходу навуковай грамадскасці ў Мінску, якое было прысвечана Дню беларускай навукі. Мерапрыемства прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і сабрала больш за 500 чалавек. У ім прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, намеснікі міністраў, а таксама кіраўнікі і прадстаўнікі навуковых арганізацый краіны. Падчас сходу былі падведзены асноўныя вынікі навуковай дзейнасці за 2017 год і вызначаны перспектывы беларускай навукі на бліжэйшыя гады.
У гонар свята была арганізавана таксама выстава навукова-тэхнічных дасягненняў Беларусі. Свае распрацоўкі прадставілі Нацыянальная акадэмія навук, Міністэрства адукацыі, МНС, Міністэрства прамысловасці, канцэрн "Белнафтахім", Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржстандарт, Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт і іншыя арганізацыі.