У рамках святкавання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе марафон мерапрыемстваў.
19 лютага старт святу дасць адкрыццё ва ўніверсітэце выставы курсавых і дыпломных работ студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну. У гэты ж дзень адбудзецца ўшаноўванне лепшых спартсменаў і трэнераў універсітэта і будзе дадзены старт фестывалю педагагічных інавацый.
У рамках святкавання 78-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы 21 лютага пройдзе Міжнародны турнір сярод жаночых каманд па валейболе на Кубак рэктара, агульнаўніверсітэцкі танцавальны фестываль-конкурс «Стыль-DANCE - Энергія. Прыгажосць. Гармонія» і акцыя грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя».
22 лютага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё імянной аўдыторыі ў гонар першага рэктара Гродзенскага ўніверсітэта Аляксандра Васільевіча Бадакова і аўдыторыі, дзе размесціцца студэнцкае самакіраванне. Акрамя гэтага, купалаўцы згуляюць у «УніКвэст». Таксама 22 лютага пройдзе святочны канцэрт, дзе выступяць творчыя калектывы горада і ўніверсітэта.
24 лютага ўся студэнцкая супольнасць універсітэта збярэцца на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга і правядзе акцыю «З днём нараджэння, універсітэт!».
З 20 па 28 лютага студэнтам і выкладчыкам прапануюць зрабіць сумесныя сэлфі і пазмагацца за лепшае фота ў конкурсе «Сэлфі з выкладчыкам».
У святкаванне 78-годдзя ўніверсітэта ўключацца ўсе факультэты. На кожным падрыхтавана свая праграма мерапрыемстваў. Так, на факультэце мастацтваў і дызайну ўжо пачалося святкаванне Дня нараджэння ўніверсітэта: 8 лютага прайшоў майстар-клас па іканапісу выкладчыкаў Мінскай духоўнай семінарыі. Акрамя гэтага, адбудзецца адкрыццё выставы навучальных работ па Фотакампазіцыі студэнтаў спецыяльнасці «Дызайн (графічны)», вучэбна-метадычнай экспазіцыі студэнтаў спецыяльнасці "Выяўленчае мастацтва і кампутарная графіка" і выстава творчых работ па выніках пленэра студэнтаў факультэта для навучэнцаў Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г. Гродна .
На юрыдычным факультэце вызначаць лепшага знаўцу гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках інтэлектуальнага турніру «Універсітэт: учора, сёння, заўтра». На факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання правядуць бліц-інтэрв'ю са студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта на веданне развіцця ўніверсітэта «А ці ведаеце ВЫ? ...»., а на факультэце эканомікі і кіравання - інтэлектуальную гульню «Брэйн-рынг», прысвечаную важным падзеям у гісторыі ўніверсітэта, факультэта і сферы адукацыі Беларусі.
Акрамя гэтага, на факультэтах пройдуць куратарскія гадзіны «ВНУ, дзе я вучуся», таксама студэнты наведаюць Музей гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Завершыцца святкаванне Дня нараджэння ўніверсітэта студэнцкай вечарынай «Універ» і інтэлектуальным турнірам "Віктарына" у моладзевым цэнтры "Гродна".