На працягу дня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праходзілі конкурсы, віктарыны, майстар-класы па каліграфіі і выразання з паперы, прысвечаныя сустрэчы Новага года па кітайскім календары. Завяршылася святкаванне канцэртнай праграмай, падчас якой усе запрошаныя госці змаглі акунуцца ў атмасферу Усходу.
Адзначыць Свята вясны, якім па традыцыі лічыцца кітайскі Новы год, 16 лютага запрасілі прарэктарскі корпус універсітэта, прадстаўнікоў структурных падраздзяленняў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў, а таксама дырэктараў сярэдняй школы № 38, гімназій № 5 і № 7. У святкаванні Кітайскага Новага года прынялі ўдзел выкладчыкі -валанцёры з Кітая, студэнты і магістранты ГрДУ імя Янкі Купалы. Сярод іх - замежныя навучэнцы з Кітая, якія прыехалі ў Беларусь, каб атрымаць вышэйшую адукацыю і удасканаліць веды рускай мовы.
У гэтым годзе ва ўніверсітэце свята прайшло ў 7-ы раз. Першы прарэктар Алег Раманаў ад імя адміністрацыі ўніверсітэта павіншаваў прысутных і накіраваў словы віншавання.
–У нашым універсітэце навучаецца нямала студэнтаў з Кітая - краіны з вялікай і цікавай культурай. І для нас гэта вялікі гонар. Вывучаючы кітайскую мову і традыцыі гэтай краіны, мы далучаемся да старажытнай усходняй культуры Кітая, - адзначыў Алег Аляксандравіч. - Жадаю ўсім ў гэты дзень вясновага настрою, поспехаў, кітайскім студэнтам - спазнаць Беларусь, беларускім - спазнаць Кітай.
Прадоўжыўся вечар канцэртнай праграмай. Госці маглі прадэгуставаць нацыянальныя стравы кітайскай кухні, атрымаць асалоду ад выканання папулярных кітайскіх і еўрапейскіх кампазіцый на кітайскай мове, пачуць класічныя кітайскія вершы, упершыню пабачыць нацыянальны кітайскі навагодні танец у выкананні выкладчыкаў-валанцёраў, а таксама даведацца цікавыя факты пра Пекін, усходні гараскоп, традыцыі і нават забабоны.