У рамках акцыі «Выбіраем студатрад», якая праходзіць пад дэвізам «Труд крут!», студэнты даведваюцца аб магчымасці працаўладкавацца ў летні перыяд і запісваюцца ў студатрады.
На сённяшні дзень ужо сфарміраваны студэнцкія педагагічныя, будаўнічыя, сервісныя, экалагічныя і вытворчыя атрады. Аднак усе жадаючыя яшчэ могуць стаць часткай студэнцкага атрада. Для гэтага трэба звярнуцца ў штаб працоўных спраў па адрасе: Ажэшка 22, аўд. 229.
Як распавёў сакратар ПА РК ГА «БРСМ» ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Есін, новым кірункам у гэтым годзе будзе праца атрада ратавальнікаў на базе "ОСВОД". Патрабаванне да кандыдатаў - умець добра плаваць. Спачатку хлопцы пройдуць навучанне, а затым пачнуць працу матросамі-ратавальнікамі.
Гатовы прыняць у свае шэрагі жадаючых атрад «Дзеці Нёмана». Гэты атрад штогод, ужо на працягу 5 гадоў, працуе на беразе Чорнага мора ў г. Анапа. Студэнты працуюць важатымі і ў складзе сэрвіснага атрада кухоннымі рабочымі, забяспечаны харчаваннем і пражываюць за кошт прымаючай арганізацыі, а ў вольны час у выхадныя дні могуць адпачываць на мора.
Будаўнічыя атрады ў гэтым годзе працягнуць працаваць на аб'ектах універсітэта, горада Гродна і на аб'ектах абласной маладзёжнай будоўлі і Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.
Ты не ведаеш, якім будзе тваё лета? Далучайся да студатрадаўскага руху! Стань ярчэй з намі!
Даведка
Летапіс студатрадаў купалаўскага ўніверсітэта бярэ пачатак яшчэ з 1960-х гадоў, калі студэнты педінстытута аднымі з першых адправіліся на цаліну. З тых часоў шмат што памянялася, але жаданне моладзі быць карыснымі сваёй краіне, працаваць, набываць новых сяброў і рэалізоўваць тэарэтычныя веды на практыцы захавалася. Сапраўдныя традыцыі пераходзяць з пакалення ў пакаленне. Падчас сустрэч з ветэранамі руху студэнты даведаюцца аб вопыце работы будатрадаў ў мінулым.