Ініцыятыва «Арыентаванне на здаровы лад жыцця» Гродзенскай абласной федэрацыі грамадскай спартыўнай арганізацыі «Беларуская федэрацыя арыентавання» будзе рэалізавана пры падтрымцы ГрДУ імя Янкі Купалы і Аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама.
Трэці конкурс ініцыятыў «Будзь здаровы!», накіраваны на прасоўванне здаровага ладу жыцця і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў на мясцовым узроўні, адбыўся ў Гродзенскай і Мінскай абласцях у рамках рэалізацыі праекту «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» (БЕЛМЕД). Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Як распавёў старшыня Гродзенскай абласной федэрацыі спартыўнага арыентавання, дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Эдвард Ародзь, ініцыятыва «Арыентаванне на здаровы лад жыцця», разлічаная на паўтара года, будзе сумесна рэалізавана Гродзенскай абласной федэрацыяй спартыўнага арыентавання, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама.
Ініцыятыва мае на ўвазе распрацоўку карт прышкольных тэрыторый ўсіх школ г. Гродна, навучанне педагогаў, якое будзе праходзіць на спецыяльных курсах у ГрДУ імя Янкі Купалы, правядзенне сямейных спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні. Таксама ў рамках рэалізацыі ініцыятывы плануецца выданне метадычнай літаратуры і правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі для педагогаў Гродна і Гродзенскай вобласці, падчас якой будуць прэзентаваны вынікі працы.