Удзел у алімпіядзе прынялі больш за 680 школьнікаў 5-11 класаў з Гродна, Мінска, Магілёва, а таксама Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
Павіталі рабят у ГрДУ імя Янкі Купалы і пажадалі поспеху дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак і кіраўнік навучальнага цэнтра «Школа дакладных навук» факультэта матэматыкі і інфарматыкі, дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Юрый Раманоўскі. Пасля чаго школьнікі на працягу дзвюх гадзін вырашалі нестандартныя задачы па матэматыцы.
Пераможцы алімпіяды будуць вызначаны 15 мая, у гэты ж дзень удзельнікі змогуць пазнаёміцца з вынікамі Алімпіяды на сайце math.grsu.by. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў адбудзецца 19 мая ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Варта адзначыць, што правядзенне падобнай алімпіяды - гэта даўняя традыцыя факультэта матэматыкі і інфарматыкі ў працы са школьнікамі - будучымі абітурыентамі. З 1957 па 1989 год на базе факультэта паспяхова дзейнічала Школа юных матэматыкаў. З 1999 года тут арганізавана праца "Школы дакладных навук", у рамках якой з 2000 года праводзіцца штогадовая вочная Алімпіяда па матэматыцы сярод вучняў 5-7 класаў, а з 2010 года штогод праводзяцца 3 тура дыстанцыйнай алімпіяды. У 2018 годзе ўпершыню да ўдзелу ў алімпіядзе былі запрошаны вучні 8-11 класаў.