Фінал шоу адбыўся ўвечары 4 мая ў мінскім Палацы спорту. На мерапрыемстве прысутнічалі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі.
Усяго на тытул "Міс Беларусь" прэтэндавалі 30 дзяўчын ад 18 да 24 гадоў.
Пераможцай нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь - 2018» стала мінчанка Марыя Васілевіч, студэнтка БДЭУ. Карону ёй перадала «Міс Беларусь-2016» Паліна Барадачова.
Марыя Васілевіч будзе прадстаўляць краіну на "Міс свету" у гэтым годзе, а таксама ўдзельнічаць у розных культурных, дабрачынных акцыях у Беларусі і за яе межамі. Акрамя кароны, упрыгожанай каштоўнымі камянямі, Марыя Васілевіч атрымала спецыяльныя прызы, у тым ліку, пазадарожнік Geely Atlas.
1-й віцэ-міс стала Маргарыта Мартынава, студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, яна атрымала права прадстаўляць Беларусь на конкурсе «Міс Супранэшнл». 2-й віцэ-міс журы назвала мінчанку Анастасію Лаўрынчук.
У конкурсе таксама прымала ўдзел студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Караліна Барысевіч, якая стала ўладальніцай тытула «Міс фота».
Тытул «Міс Сяброўства» дастаўся Ксеніі Вясельскай са Слаўгарада Магілёўскай вобласці, «Міс Oriflame» стала мінчанка Аліна Магер, «Міс глядацкіх сімпатый» - Марыя Пярвій з Бабруйска, «Міс топ-мадэль» - Дыяна Астапчык з вёскі Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.