Узнагарода ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі" уручана газеце «Гродзенскі ўніверсітэт» за працу ў 2017 годзе.
Для ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі" былі накіраваны матэрыялы, апублікаваныя ў рубрыках «Год навукі», «Навука і жыццё», «Навука», «Інавацыі ў адукацыі», «Тэхналогіі».
У рубрыцы «Год навукі» знайшлі адлюстраванне матэрыялы аб II З'ездзе вучоных Рэспублікі Беларусь, актуальных напрамках развіцця ўніверсітэцкай навукі, дзейнасці ўніверсітэта па стварэнні навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама матэрыялы пра навуковыя дасягненні студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы . Асвятленне дзейнасці ўніверсітэта па стварэнні навукова-тэхналагічнага парку працягнецца у 2018 годзе ў спецыяльнай рубрыцы «Тэхнапарк».
З рубрык «Навука і жыццё», «Навука» чытачы даведаліся пра навуковыя даследаванні, якія праводзяцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы, аб пазіцыях купалаўцаў у рэйтынгах навуковых распрацовак, студэнцкай навуцы, важнейшых напрамках даследаванняў у розных навуковых галінах, магчымасцях самарэалізацыі ў навуковай дзейнасці, якія ўніверсітэт дае студэнтам, магістрантам, аспірантам і выкладчыкам.
Публікацыі пра актуальныя пытанні педагогікі ў вышэйшай школе, удзеле ГрДУ імя Янкі Купалы ў эксперыментальнай пляцоўцы Міністэрства адукацыі па рэалізацыі мадэлі «Універсітэт 3.0», сучасных адукацыйных тэхналогіях, сярод якіх сістэма эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу, канцэпцыя дыялагізацыі адукацыі ў вочнай і дыстанцыйных формах знайшлі адлюстраванне у рубрыцы «Інавацыі ў адукацыі».
У рубрыцы «Тэхналогіі» журналісты распавялі аб распрацоўках студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў ІТ-сферы, удзеле ўніверсітэта ў міжнародных навукова-тэхнічных выставах, аб правядзенні і ўдзеле ў зборах і чэмпіянатах па праграмаванні.
Усяго на ХІV Нацыянальны конкурс друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" было пададзена 260 заявак у 24 намінацыях.
Гран-пры ХІV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" ўдастоены праект БЕЛТА «Мінск і мінчане» да 950-годдзя сталіцы Беларусі. Статуэтку «Залатая Літара» уручыў генеральнаму дырэктару БЕЛТА Ірыне Акуловіч міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Гран-пры ў намінацыі «Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ» ўручаны газеце «Жодзінскія навіны» за праект «З любоўю да малой радзімы. Жодзіна».
Газета "7 дней", якая выдаецца БЕЛТА, атрымала статуэтку за праект «Узнагароды суверэннай Беларусі» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі". Аглядальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Беларусі УП «БЕЛТА» Міхаіл Маціеўскі адзначаны дыпломам у гэтай намінацыі.
«Залатой Літары» за лепшыя матэрыялы эканамічнай тэматыкі ўдастоена газета «Магілёўская праўда», сацыяльна-эканамічнай тэматыкі - агенцтва «Мінск-Навіны». Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця прадставіў рэдактар аддзела спорту газеты «Савецкая Беларусь» Сяргей Канашыц.
Найбольшая колькасць заявак на конкурс (больш за 50) у гэтым годзе былі пададзены на намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі» і «Лепшыя матэрыялы гісторыка-краязнаўчай тэматыкі». Узнагароды ў іх па рашэнні журы атрымалі адпаведна газеты "Літаратура і мастацтва" і "Гродзенская праўда" (праект «Гродзеншчына гасцінная»).
Сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ перамогу святкавалі «Лідская газета» (намінацыя "Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі"), баранавіцкая газета "Наш край" ("Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі"), газета "Пэрспэктыва" Гродзенскага раёна ("Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця"). Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі падрыхтавала рэчыцкая газета «Дняпровец», гісторыка-краязнаўчай тэматыкі - "Наш час" з Ваўкавыску.
Газета «Знамя юнацтва» атрымала ўзнагароду за прадстаўленыя публікацыі моладзевай, дзіцяча-юнацкай тэматыкі.
Новая конкурсная намінацыя гэтага года - «Лепшы сумесны праект з дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі». Пераможцам названа дадатак «Карані і кроны» рэдакцыі газеты «Звязда». Яшчэ адна навіна - намінацыя «Праца ў сацсетках». Журы вылучыла газету «Астравецкая праўда».
Лепшым інтэрнэт-праектам названы праект «Захад-2017» Ваеннага інфармацыйнага агенцтва Узброеных Сіл Беларусі «Ваяр».
Лепшым рэпарцёрам ХІV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" стала журналіст БЕЛТА Святлана Саўко - рэдактар аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі галоўнай рэдакцыі інфармацыі БЕЛТА.
Перамогу ў намінацыі "Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў" святкаваў Вадзім Апарын - намеснік начальніка 5-га карэспандэнцкага аддзела (навін) інфармагенцтва «Ваяр».
Лепшым рэпарцёрам раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ стала Іна Кандаурава, галоўны рэдактар газеты «Навіны Старадарожчыны». Аглядальнік «Сельскай газеты» Таццяна Ускова атрымала статуэтку як лепшы аглядальнік. Лепшы фотакарэспандэнт раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ - фотакор газеты "Чырвоная зорка" (Узда) Сяргей Шарай.
Спецыяльнага прыза «За ўклад у журналістыку» ўдастоена загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Людміла Саянкова.
Асноўнай мэтай конкурсу з'яўляецца ўсялякае садзейнічанне развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, актуалізацыя значных тэматычных напрамкаў дзейнасці друкаваных СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэнне прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню друкаваных СМІ, стымуляванне творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ. Заснавальнікам конкурсу выступае Міністэрства інфармацыі Беларусі.