Канферэнцыя прысвечана памяці акадэміка Мікалая Еругіна і праводзіцца з 1994 года.
Па словах загадчыка кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры Аляксандра Грыня, міжнародная навуковая канферэнцыя «Еругінскія чытанні» шырока вядомая ў свеце сярод спецыялістаў у розных галінах тэорыі дыферэнцыяльных раўнанняў і іх прыкладанняў. Ужо праведзены 17 канферэнцый, тры з іх - на базе ГрДУ імя Янкі Купалы. Падчас пленарных і секцыйных дакладаў даследчыкі абмяркоўваюць аналітычную тэорыю дыферэнцыяльных раўнанняў, асімптатычную тэорыю дыферэнцыяльных раўнанняў, якасную тэорыю дыферэнцыяльных раўнанняў, тэорыю ўстойлівасці і кіравання рухам, раўнанні ў прыватных вытворных, інтэгра-дыферэнцыяльныя аператары і раўнанні, дыферэнцыяльныя раўнанні і іх прыкладанні, методыку выкладання дыферэнцыяльных раўнанняў у вышэйшай школе.
Даведка
Мікалай Паўлавіч Еругін (14.05.1907, станіца Пралетарская Растоўскай вобл., Расія - 12.02.1990), савецкі матэматык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР, Герой Сацыялістычнай працы. Пасля пераезду ў 1956 годзе з Ленінграда ў Мінск стварыў Інстытут матэматыкі АН БССР і стаў першым кіраўніком, доўгі час кіраваў кафедрай дыферэнцыяльных раўнанняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мікалай Паўлавіч унёс вялікі ўклад у аналітычную тэорыю дыферэнцыяльных раўнанняў, вырашыўшы шэраг яе праблем. З 1965 года пад яго кіраўніцтвам пачаў выдавацца ўсесаюзны часопіс «Дыферэнцыяльныя раўнанні», які хутка заваяваў аўтарытэт у навуковым свеце і стаў перавыдавацца ў ЗША Амерыканскай матэматычнай супольнасцю на англійскай мове. Сталі плённа працаваць навуковыя семінары па дыферэнцыяльных раўнаннях у БДУ і ў Інстытуце матэматыкі. Пад кіраўніцтвам акадэміка была створана школа па дыферэнцыяльных раўнаннях у БССР.