Школьнікі з 37 устаноў адукацыі і раённых цэнтраў турызму і краязнаўства прадставілі на суд журы 41 праект.
Удзельнікаў конкурсу павіталі начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Таццяна Асмалоўская, галоўны спецыяліст упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Мацвей Свірко, а таксама намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення ГА "Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз" Сяргей Каляда.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Генадзій Гачко. «Сімвалічна тое, што дадзены конкурс праходзіць у Год малой радзімы, а таксама тое, што арганізатарам яго з'яўляецца факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэт комплексны, арыентаваны на праектную дзейнасць, - падкрэсліў ён, - а ўдзел у праектах з'яўляецца не проста навучаннем, гэта адкрыццё, уменне працаваць у камандзе - усё тое, чаго мы і вучым нашых студэнтаў».
Поспехаў канкурсантам пажадала дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык. Яна выказала надзею, што гэты конкурс дасць старт больш маштабнаму праекту, які будзе рэалізаваны навучэнцамі школ Гродзеншчыны і студэнтамі, выкладчыкамі ўніверсітэта, а таксама распавяла школьнікам аб рэалізацыі міждысцыплінарных праектаў на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму.
На першым этапе конкурсу рабятам неабходна было правесці даследаванне турыстычных рэсурсаў малой радзімы і прапанаваць ідэю турыстычнага праекта. Усяго ў аргкамітэт паступіла 68 заявак. Як адзначыў загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Данскіх, многія маршруты па выніках першага этапу конкурсу ўжо ўтрымлівалі ў сабе не толькі разгорнутае апісанне і аналіз мясцовых славутасцяў і турыстычных рэсурсаў, але і ідэі будучых праектаў: турысцка-экскурсійных і спартыўна- турысцкіх маршрутаў, анімацыйных праграм і квэстаў для дарагіх гасцей.
Тыя, хто прайшоў у другі тур конкурсу, пад кіраўніцтвам педагогаў і з дапамогай навуковых кансультантаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы падрыхтавалі прэзентацыі сваіх турыстычных праектаў і 18 мая прадставілі іх журы ў чатырох секцыях. У кожнай секцыі будзе вызначаны адзін дыпламант 1 ступені, два - 2 ступені і тры - 3 ступені. Варта адзначыць, што найбольшая колькасць заявак было пададзена ад Лідскага, Слонімскага раёнаў і горада Гродна.