Падведзены вынікі I адкрытага рэгіянальнага конкурсу турыстычных праектаў «Я запрашаю Вас на малую радзіму».
Вітаючы фіналістаў, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык адзначыла, што Гродзенская вобласць валодае ўнікальнымі магчымасцямі для развіцця турызму. Акрамя багатай прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна дзейнічае асаблівы бязвізавы турыстычны рэжым. Гэта дазваляе актыўна развіваць самыя разнастайныя формы турызму і адкрывае шырокія магчымасці для рэалізацыі розных турыстычных праектаў і ініцыятыў.
З 68 заявак, пададзеных на першы этап конкурсу, у другі фінальны тур прайшоў 41 турыстычны праект з 35 устаноў адукацыі, а таксама некалькіх раённых цэнтраў турызму і краязнаўства.
Лепшымі прызнаны наступныя турыстычныя праекты: у намінацыі «Турысцка-экскурсійныя праграмы, звязаныя з багатым гістарычным мінулым Гродзенскай зямлі» Гервяцкай СШ і СШ № 4 г. Слоніма, у намінацыі «Турыстычныя маршруты, заснаваныя на ўнікальным прыродным багацці Прынёманскага краю» гімназіі № 2 г . Ваўкавыска і СШ № 20 г. Гродна, «Турысцка-экскурсійныя праграмы, заснаваныя на культурнай спадчыне А. Міцкевіча і М. Агінскага» - Шчорсаўскага КПК і СШ № 2 г. Слоніма, «Арыгінальныя фальклорныя турысцка-анімацыйныя праграмы» - Парэцкай і Дубненскай СШ, «Турыстычныя праекты, звязаныя з сельскім і актыўным турызмам» - Мінойтаўскай СШ і СШ № 11 г. Ліды і ў намінацыі «Гастранамічныя і аграпрамысловыя туры» - Ханявіцкага КПК і СШ № 40 г. Гродна. Пераможцы атрымалі дыпломы 1, 2 і 3 ступені. Акрамя таго, усе ўдзельнікі адзначаны сертыфікатамі і памятнымі падарункамі.
Па словах арганізатараў мерапрыемства, конкурс турыстычных праектаў не толькі выявіў лепшыя распрацоўкі навучэнцаў, але таксама стаў своеасаблівым форумам маладых людзей, захопленых турызмам і сваёй роднай зямлёй, гатовых прымаць самы актыўны ўдзел у развіцці ўнутранага турызму. Усё гэта дае надзею на тое, што I адкрыты рэгіянальны конкурс турыстычных праектаў «Я запрашаю Вас на малую радзіму» стане першым крокам да фарміравання ўстойлівай турыстычнай сеткі вучнёўскай моладзі Гродзенскай вобласці.