У рамках удзелу ў Нацыянальнай выставе Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў абмеркаваў перспектывы супрацоўніцтва з калегамі з універсітэтаў Рэспублікі Таджыкістан.
Двухбаковыя сустрэчы адбыліся ў Таджыкскім нацыянальным універсітэце, Таджыкскім дзяржаўным універсітэце камерцыі, Таджыкскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Садрыддзііна Айні, Таджыкскім тэхнічным універсітэце. У ходзе сустрэч Алег Аляксандравіч распавёў калегам аб Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, магчымасці экспарту адукацыйных паслуг і прадукцыі РУП «Тэхналаб» і Цэнтра трансферу тэхналогій універсітэта.
У час перагавораў бакі абмеркавалі магчымасці сумеснага ўдзелу ў міжнародных конкурсах і праграмах, развіццё акадэмічнай мабільнасці, напрамкі міжвузаўскага супрацоўніцтва ў навуковай і адукацыйнай сферах. Таксама ішла размова аб магчымасці сеткавага ўзаемадзеяння з універсітэтамі Таджыкістана ў рэалізацыі сумесных праграм бакалаўрскай і магістарскай падрыхтоўкі.