Шматнацыянальная інтэрактыўная пляцоўка «Студэнцкі карагод» сабрала гасцей і ўдзельнікаў фестывалю каля галоўнага корпуса ўніверсітэта.
У рамках работы інтэрактыўнай пляцоўкі ўсе жадаючыя змаглі пазнаёміцца з вобразамі гістарычных асоб і выдатных дзеячаў Гродзеншчыны і Беларусі, паслухаць вершы на беларускай мове і прыняць удзел у пазнавальных віктарынах. Замежныя студэнты з Кітая, Въетнама, Туркменістана, Ірана і Ірака расказалі і паказалі гасцям асаблівасці свайго побыту, навучылі вырабляць упрыгажванні ручной працы, і пачаставалі стравамі нацыянальнай кухні. Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы навучылі гасцей арабскай і кітайскай каліграфіі, запрасілі выканаць разам народныя танцы і песні, правялі майстар-класы па стварэнні арыгамі і хэнд-мэйд упрыгожванняў. Для самых маленькіх гасцей «Студэнцкага карагода» працавала 4 міні-пляцоўкі, у рамках якіх дзеці малявалі, адгадвалі загадкі і займаліся рукадзеллем. Самыя актыўныя малыя атрымалі салодкія прызы.