Турыстаў з Нарвегіі сустракалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 2 ліпеня.
Госці з Нарвегіі ў Беларусь прыехалі праз Рэгіянальны цэнтр турызму ГрДУ імя Янкі Купалы. За цікавасць да Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы турыстаў падзякавала рэктар універсітэта Ірына Кітурка.
–Мы рады, што вы наведалі наш універсітэт, які дзякуючы свайму месцазнаходжанню знаходзіцца ў цэнтры міжкультурнага дыялогу. Характэрна, што ваш візіт супаў па часе з XII Фестывалем нацыянальных культур, які аб'яднаў прадстаўнікоў розных культур, - адзначыла Ірына Фёдараўна. - Прыемна, што 25-тысячны турыст прыехаў у Гродна ў рамках Grodno Visa Free праз Рэгіянальны цэнтр турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.
У рамках сустрэчы адбыўся дружалюбны дыялог, падчас якога Ірына Кітурка распавяла гасцям пра магчымасці і перспектывы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У сваю чаргу госці падзякавалі за цёплы прыём і прафесіяналізм арганізацыі турыстычнага абслугоўвання.
На памяць аб Гродна і купалаўскім універсітэце Ірына Фёдараўна паднесла гасцям сувеніры, звязаныя з Беларуссю і ўніверсітэтам.